Лепшы праваднік Беларусі: «Аднастайных паездак не бывае»
Ілья Ломач стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы па прафесіі» сярод работнікаў пасажырскай гаспадаркі. Канкурэнцыю віцябляніну склалі праваднікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія лідзіравалі ў абласных этапах. Як патлумачыла намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Віцебскага вагоннага ўчастка Ірына Панфілава, канкурсантам трэба было прайсці два этапы. Тэарэтычны ўключаў тэставыя пытанні аб правілах праезду на чыгунцы. Таксама трэба было знайсці выйсце з узніклых нестандартных умоўных сітуацый. На практычным этапе – вырашыць прапанаваныя праблемныя абставіны: да прыкладу, выпісаць безбілетнаму пасажыру з дзіцем праязны дакумент з улікам каэфіцыента і тарыфаў.
Ілья прыйшоў на магістраль у 18 гадоў, практычна адразу пасля заканчэння віцебскай гімназіі № 8. Прайшоў навучанне непасрэдна на вагонным участку, дзе працуе ўжо шосты год. Як прызнаецца Ілья, яго мара працаваць на цягніку – родам з дзяцінства.
– Летам мы з бацькамі часта ездзілі на цягніку ў Сімферопаль. Мне вельмі падабалася падарожнічаць, глядзець, як мільгаюць пейзажы за акном, назіраць за людзьмі. І сёння нічога не змянілася. Пасля кожнай паездкі мяне зноў цягне ў дарогу, – кажа Ілья. – Люблю дынамічнасць сваёй работы – пастаянны рух, зносіны з людзьмі.
Ілья ездзіць у асноўным па хуткасным маршруце бізнес-класа Віцебск – Мінск, а таксама па міжнародных напрамках Полацк – Масква і Мінск – Адлер. Па словах найлепшага правадніка Беларусі, аднастайных паездак не бывае. У кожнай адбываецца нешта неардынарнае, што дае новы досвед. Розныя пасажыры, сітуацыі…
Найбольш часта людзі забываюць рэчы – прычым не маленькія сумкі, а велізарныя чамаданы, распавядае суразмоўца. Праваднікі складаюць акт вопісу змесціва, пазначаючы кожную рэч, паведамляюць аб знаходцы ў кантакт-цэнтр БЧ. І забыты багаж застаецца на вакзале чакаць свайго гаспадара.
Ілья мае намер развівацца ў прафесіі, хоча хоча паспрабаваць сябе ў ролі начальніка цягніка. Для ажыццяўлення гэтай мары ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
Усяго на Віцебскім вагонным участку працуе больш за 470 чалавек, у тым ліку спецыялісты ўчастка сэрвіснага абслугоўвання, слесары па рамонце рухомага саставу, слесары-электрыкі, акумулятаршчыкі, сталяры, а таксама 236 праваднікоў (з іх хлопцаў усяго дзевяць). У гэту прафесію актыўна прыходзіць моладзь. Навічкі вучацца ў досвечаных калег пунктуальнасці, дысцыпліне, высокай культуры абслугоўвання, бо праваднікі заўсёды навідавоку і ад іх шмат у чым залежыць імідж Беларускай чыгункі.
У конкурсе «Лепшы па прафесіі» ў сваёй намінацыі пераможцам таксама стаў майстар Міхаіл Ліпоўскі. У ліку лідараў начальнік цягніка Віталь Талпінец і слесар Віталь Стальмакоў, якія занялі трэція месцы, паязны электрамеханік Іван Лойка і праваднік Ксенія Руднева (другія месцы).