Лепшым спартыўным фотажурналістам Віцебскай вобласці ў 2010 годзе прызнаны Аляксандр Хітроў з БелаПАН
1 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фотакарэспандэнт БЕЛТА Аляксандр Хітроў перамог у абласным конкурсе па асвятленні развіцця алімпійскага руху, спорту і прапагандзе здаровага ладу жыцця па выніках 2010 года. Дыплом прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Віцебскай вобласці фотажурналісту ўручыў выканаўчы дырэктар прадстаўніцтва Віктар Бынькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўдзячныя Аляксандру Хітрову за вялікую працу, якую ён зрабіў не толькі на працягу гэтага года, але і на працягу многіх гадоў па прапагандзе ідэй алімпізму і актыўнага ладу жыцця", - адзначыў Віктар Бынькоў падчас узнагароджання. Вядомы віцебскі фотажурналіст не прапускае ніводнага спартыўнага мерапрыемства рэгіёна, у аб'ектыў яго камеры трапляюць як выдатныя трэнеры і праслаўленыя спартсмены вобласці, так і шматлікія аматары спорту, прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Аляксандр Хітроў актыўна ўдзельнічае ў адукацыйных і алімпійскіх акцыях, якія праходзяць пад эгідай абласнога прадстаўніцтва НАК.
Цырымонія ўзнагароджання стала адным з мерапрыемстваў семінара, прысвечанага пытанням узаемадзеяння абласнога прадстаўніцтва НАК Беларусі і рэгіянальных СМІ па прапагандзе алімпійскага руху і развіцця спорту. Семінар арганізаваны ўпраўленнем фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і прадстаўніцтвам НАК у Віцебскай вобласці.-0-