Лепшым участковым Беларусі прызнаны прадстаўнік Наваполацкага ГАУС Вадзім Марковіч
У Гродне падвялі вынікі ХIII Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства на званне "Найлепшы участковы інспектар міліцыі" і "Найлепшы участковы інспектар па справах непаўналетніх". Больш за 40 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны на працягу двух дзён спаборнічалі ў страявой, агнявой, медыцынскай і спецыяльнай падрыхтоўцы, крыміналістыцы. Выконвалі нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, дэманстравалі навыкі валодання баявымі прыёмамі. Конкурсанты таксама прынялі ўдзел у абласным сходзе участковых інспектараў міліцыі, ІСН і прадстаўнікоў іншых суб'ектаў прафілактыкі.
Найлепшым у краіне участковым прызнаны прадстаўнік Наваполацкага ГАУС Вадзім Марковіч. Яму ўручаны ключы ад новага службовага аўтамабіля. Віцебская вобласць перамагла ў камандным заліку ў гэтай намінацыі.
"Асноўны прыярытэт у працы ўчастковых - гэта забеспячэнне дзейснай прафілактыкі правапарушэнняў, што прадугледжвае перш за ўсё працу з людзьмі. Функцыі ўчастковага інспектара шырокія: разгляд заяў і паведамленняў аб злачынствах і правапарушэннях, праца са зваротамі грамадзян, веданне заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў", - адзначыў начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей. Ён падкрэсліў, што ўчастковаму важна валодаць навыкамі зносін, умець спачуваць, унікаць у любую сітуацыю, па-добраму растлумачыць кожнаму боку аб магчымых наступствах супрацьпраўных дзеянняў.
Па матэрыялах БЕЛТА. Фота газеты "Наваполацк сёння" і УУС Віцебскага аблвыканкама.