Лепшымі азеляняльнікамі Віцебскай вобласці сталі работнікі новалукомльскага прадпрыемства «Камунальнік»
«Родны край», «Край двух рэк», «Бабровая хата» – такія незвычайныя клумбы з кветак з'явіліся ў Дубровне. 30 кветаводаў і ландшафтных дызайнераў з розных куткоў вобласці прыехалі ў райцэнтр, каб выбраць наймацнейшага ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў зялёнага будаўніцтва, якія ў рамках конкурсу ўпрыгожылі сталіцу рэгіянальных «Дажынак».
Як адзначыла старшыня Віцебскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ларыса Волкава, дзякуючы арганізатарам – абкаму прафсаюза і ўпраўленню жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама – гэты маляўнічы ва ўсіх сэнсах конкурс не першы год «крочыць» па розных гарадах і раённых цэнтрах Віцебскай вобласці. Сёлета ён «прызямліўся» ў Дубровне і падарыў сапраўднае свята прыгажосці, творчасці і фантазіі напярэдадні правядзення абласнога свята працаўнікоў вёскі.
Тысячы кветак, дэкаратыўных раслін і кустоў, кілаграмы мармуровай дранкі, арыгінальныя канструкцыі і архітэктурныя формы – перад азеляніцелямі стаяла няпростая задача – ператварыць пасёлак у вялікі кветнік. Клумбы разбілі ўздоўж галоўных вуліц і каля службовых будынкаў. У выніку атрымалася 8 жывых пано і тэматычных кветкавых кампазіцый. Прафесіяналы здзіўлялі ўсім: разнастайнасцю кветак, іх стракатасцю, стыльным і прыгожым афармленнем. Пры ацэнцы работ таксама ўлічваліся складанасць кветніка, якасць і асартымент расады, выкарыстанне малых архітэктурных форм і інертных матэрыялаў, яркасць, смеласць і арыгінальнасць кампазіцыйных рашэнняў.
Акрамя таго, удзельнікі прадэманстравалі тэарэтычныя веды, адказаўшы на 10 профільных пытанняў па тэхналогіі ўладкавання кветнікаў, пасадкі кустоў і дрэў, правілах, тэхніцы догляду за насаджэннямі і кветкавымі культурамі, ахове працы.
У выніку лаўры пераможцаў дасталіся кветаводам навалукомльскага прадпрыемства «Камунальнік». Сваю кветкавую кампазіцыю яны назвалі «Бабровая хата». У ёй былі выкарыстаны больш за 200 бархатцаў, агератумаў, цынерарый і іншых насаджэнняў.
– Ствараючы сваю
кампазіцыю, мы хацелі, каб наша клумба цешыла мясцовых жыхароў сваёй прыгажосцю і арыгінальнасцю, – пракаментавалі сваю творчасць азеляняльнікі з Навалукомля.
Другое месца заняла каманда прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Глыбоцкага раёна і на трэцім – гаспадары, «Дубровно-Камунальнік». А лепшай кампазіцыяй быў прызнаны кветнік «Мая Радзiма» прадпрыемства «Коханава-ЖКГ». У рамках мерапрыемства работнікі прадпрыемства «Зелянхоз» правялі майстар-клас для удзельнікаў конкурсу.
Ад абласнога камітэта прафсаюза каманды-пераможцы і ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і каштоўныя прызы.
Алена Усцінава, прэс-служба ФПБ па Віцебскай вобласці.