Лепшымі ў арганізацыі работы ўстаноў адукацыі па энергазберажэнні прызнаны Мінск і Віцебская вобласць

5 красавіка, Мінск /Тамара Даўгалюк - БЕЛТА/. Вызначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон-2009". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Беларусі. Узнагароджанне пераможцаў адбылося па сямі намінацыях. У намінацыі "Лепшая вобласць рэспублікі па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энерг- і рэсурсазберажэння" першае месца падзялілі горад Мінск і Віцебская вобласць. Другое месца ў Гродзенскай вобласці, Магілёўская і Гомельская - на трэцім. Сярод устаноў адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энерг- і рэсурсазберажэння перамаглі гімназія г.Калінкавічы Гомельскай вобласці і Красносельскі яслі-сад №2 Гродзенскай вобласці. СШ №110 г.Мінска і Наваполацкая ДСШ №12 Віцебскай вобласці потым падзялілі другое месца, трэцяй стала Жодзінская жаночая гімназія Мінскай вобласці. Таксама названы лепшыя педагогі па арганізацыі класнай работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў. Адзначаны і лепшыя работы школьнікаў. У намінацыі "Лепшы вучнёўскі праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні" ў кожнай вобласці першапачаткова было прадстаўлена каля ста работ. Першае месца заняла работа вучаніцы 10-га класа СШ №5 г.Слоніма на тэму "Выкарыстанне мясцовых відаў паліва і ўкараненне энерг- і рэсурсазберагаючых тэхналогій і абсталявання на прадпрыемствах г.Слонім". Сярод работ навучэнцаў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергрэсурсаў у выглядзе відэароліка перамаглі творы СШ №6 Фрунзенскага раёна г.Мінска і Гродзенскага абласнога дзяржаўнага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў "Наша цеплыня ў нашых руках". Журы таксама ацаніла работу практычных цэнтраў (музеяў) па энергазберажэнні, школьных агітбрыгад па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергрэсурсаў. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, цэнтра ідэалагічнай выхаваўчай і сацыяльнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, часопіса "Энергаэфектыўнасць", праекта ПРААН/ГЭФ "Устараненне перашкод павышэння энергаэфектыўнасці прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара", Цэнтра экалагічных рашэнняў, а таксама Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. Конкурс школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон-2009" праводзіўся пры садзейнічанні Праекта ПРААН/ГЭФ "Устараненне перашкод у павышэнні энергетычнай эфектыўнасці прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара Беларусі", а таксама некамерцыйнай установы "Цэнтр экалагічных рашэнняў". Пераможцам уручаны кубкі, медалі, дыпломы, ганаровыя граматы і падарункі.-0-