Лепшых Дзядоў Марозаў і Снягурак выбралі ў Віцебскай вобласці

Лучших Деда Мороза и Снегурочку выбрали в Витебской области

Галоўных навагодніх персанажаў вызначылі на абласным аглядзе-конкурсе «Ёлка-ФЭСТ — 2015».

Каляндар сцвярджае, што зіма яшчэ не наступіла, хоць ранішні марозец ужо некалькі дзён пераконвае ў адваротным. А тыя, хто пабываў у чацвер у абласным палацы дзяцей і моладзі на конкурсе «Ёлка-ФЭСТ — 2015», і зусім паспелі не толькі ў снежань трапіць, але і Новы год сустрэць. Прычым не адзін раз. Трэба сказаць, павесяліліся ад душы, бо забавы прапаноўваліся на любы густ: хочаш — спявай, хочаш — танцуй, а можаш ёлачку ўпрыгожваць ці шукаць адказы на загадкі.

Гэта маляўнічае спаборніцтва традыцыйна праходзіць у Віцебску ў канцы года для таго, каб удасканаліць методыку правядзення масавых мерапрыемстваў ва ўстановах сярэдняй, дашкольнай і дадатковай адукацыі, даць магчымасць арганізатарам падобных урачыстасцей прадэманстраваць свае напрацоўкі, абмяняцца вопытам і павысіць прафесійны ўзровень.

Змагацца за перамогу ўдзельнікам агляду, якія прадстаўлялі розныя рэгіёны вобласці, было няпроста. З аднаго боку, неабходна дагадзіць строгаму журы, якое ацэньвае метады працы з аўдыторыяй, арыгінальнасць сюжэта, узровень выканання, мастацкае, музычнае і тэхнічнае рашэнне. Але не менш важна заваяваць сімпатыі юнай публікі, на якую, уласна, і разлічаны такія святочныя гульнявыя праграмы.

Каб гледачы не сумавалі, кожная з 11 творчых каманд выкарыстоўвала свае прыёмы: хлапчукам і дзяўчынкам прапаноўвалі скончыць вершы і праспяваць караоке, пагуляць у снежкі або ўявіць сябе ёлачнымі цацкамі… Дзеду Марозу і Снягурачцы з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ўцягнуць дзяцей у займальнае дзеянне, напрыклад, актыўна дапамагалі эфектныя роставыя лялькі. Наваполацкая СШ №5 пачала выступленне гумарыстычным відэафільмам пра зборы Дзеда Мароза на конкурс. А віцебская СШ №33 падрыхтавала мноства запальных танцаў.

Стараліся, канешне, усе. Але ў выніку «Дзедам Марозам і Снягуркай года» прызнаны Аляксандр Цімохін і Раіса Меладзе з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Другімі сталі навагоднія героі з Мазолаўскай СШ Віцебскага раёна, трэцімі — прадстаўнікі віцебскай СШ №33.

А 1-е месца за лепшую сюжэтна-гульнявую праграму было прысуджана СШ №5 Наваполацка. Акрамя таго, жыхароў нафтаграда адзначылі ў намінацыі «Лепшая мультымедыйная прэзентацыя». Выступленне Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска палічылі годным 2-га месца, гэтай жа камандзе ўручылі дыплом «За лепшае харэаграфічнае рашэнне». Ушацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі са сваёй праграмай — на 3-м месцы.

Лілія Іўчанка. Фота Дзмітрыя Восіпава, «Віцебскія весці».