Лепшых юных рэжысёраў мабільнага кіно вызначаць у Полацку
Победителей раённага конкурсу фільмаў, знятых школьнікамі на мабільныя тэлефоны "Мабілфільм-2014", назавуць у Полацку 16 снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Да Дня беларускага кіно ў Полацку і Полацкім раёне ўпершыню праводзіцца конкурс "Мабілфільм -2014", прысвечаны памяці беларускага кінарэжысёра Юрыя Тарыча. Па ўмовах творчага спаборніцтва, прадстаўленыя работы павінны быць зняты толькі з дапамогай мабільнага тэлефона, змантаваныя і адрэдагаваныя па меркаванні ўдзельніка з выкарыстаннем спецэфектаў, гукаў, мелодый, тытраў і г.д. Хранаметраж работ павінен быць ад двух да пяці хвілін, узрост удзельнікаў - ад 12 да 17 гадоў.
Конкурс складаецца з трох этапаў, два з якіх (школьны і раённы) ужо прайшлі. Выніковым этапам стане 16 снежня кінафорум, падчас якога адбудзецца дэманстрацыя лепшых творчых работы юных "рэжысёраў" і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу. Месцам сустрэчы пачаткоўцаў кінематаграфістаў вызначана сярэдняя школа №18 імя Ефрасінні Полацкай. У фае ўстановы наведвальнікі змогуць азнаёміцца з выставай малюнкаў "Я люблю кіно". На пляцоўцы "Рэтра кіно" можна будзе прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне, конкурсе мастацкіх герояў "Чарлі Чаплін і Мэрылін Манро" і сфатаграфавацца на памяць.
Ганаровая функцыя вызначэння пераможцаў і прызёраў конкурсу ўскладаецца на кампетэнтнае журы. Судзейская калегія будзе ацэньваць арыгінальнасць ідэі, якасць выканання, аб'ём работы, валоданне тэхнікай з рознымі матэрыяламі. Лепшыя фільмы будуць вызначаны ў чатырох намінацыях: "Полацк, мой любімы горад", "Лепшая акцёрская роля", "Арыгінальнасць сюжэтнай ідэі", "Сацыяльна значны ролік".
Уладальнік прыза гледачовых сімпатый вызначыцца шляхам прамога галасавання, арганізаванага на сайце ДУДА "Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі".
Кожны ўдзельнік або творчая група конкурсу атрымае спецыяльныя сертыфікаты. Пераможцы будуць узнагароджаны граматамі I, II, III ступені і прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага раённага выканаўчага камітэта. Лепшыя работы будуць дэманстравацца на маніторах, устаноўленых у фае ўстаноў адукацыі, іх плануецца выкарыстоўваць у розных мерапрыемствах.
Конкурс накіраваны на прапаганду агульначалавечых каштоўнасцей праз шырокія магчымасці мабільнага кіно; выяўленне і заахвочванне таленавітых дзяцей і моладзі, прадстаўленне дадатковых магчымасцей для іх самарэалізацыі; грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі; станаўленне элементаў прафесійнай кампетэнтнасці на аснове выкарыстання сучасных камп'ютарных тэхналогій і лічбавай фота-, відэатэхнікі, падкрэслілі ў райвыканкаме.
Агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем конкурсу ажыццяўляе аддзел тэхнічнай творчасці "Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі".
Алена Ціханава