Лепшых работнікаў культуры Віцебскай вобласці будуць ушаноўваць сёння ў Віцебску
7 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння будуць ушаноўваць найлепшых работнікаў галіны культуры і мастацтва Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама.
Урачысты сход у гонар свята работнікаў культуры адбудзецца ў цэнтры культуры "Віцебск". За высокія творчыя дасягненні ў працы найлепшыя прадстаўнікі сферы культуры будуць адзначаны абласной прэміяй па васьмі намінацыях. Узнагароды ўручаць найлепшым клубным, музычным, бібліятэчным работнікам, найлепшаму майстру традыцыйных рамёстваў, найлепшым артыстам філармоніі і тэатра, найлепшаму арганізатару платных паслуг насельніцтву і за педагагічныя дасягненні.
У ходзе мерапрыемства адбудзецца таксама ўручэнне падзячных лістоў і грамат. Сваімі выступленнямі прысутных павіншуюць творчыя калектывы горада.
Шматлікія святочныя падзеі запланаваны сёння і ва ўсіх іншых рэгіёнах вобласці. Так, у Шаркаўшчыне адбудзецца конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў культуры, у Наваполацку - урачыстая цырымонія ўручэння гарадской прэміі "Прызнанне". Паўсюдна будуць арганізаваны творчыя сустрэчы, агеньчыкі і раённыя святы. -0-