Лепшых работнікаў гандлю ўшанавалі ў Віцебску
Ад зладжанай і дакладнай працы кожнага, прафесійнага ўзроўню і адданасці справе залежаць поспехі ўсёй сферы, адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч. Напярэдадні прафесійнага свята больш за 50 работнікам гандлю ўручаны розныя ўзнагароды.
Дыпломам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь «Бронзавы Меркурый» узнагароджана полацкае ТАА «Сушы Шоп» за лепшую арганізацыю грамадскага харчавання. Нагрудным знакам «Выдатнік гандлю Рэспублікі Беларусь» удастоены Наталля Дубко – загадчык секцыяй ААТ «Дом гандлю Наваполацка», Марына Кулік – кухар «Орша-Сервіс» і Таццяна Вараб'ёва – загадчык крамай «Дыяніс – 11» ААТ «Рэсттрэйд».
Дзякуючы такім работнікам за першае паўгоддзе бягучага года гандлёвая галіна атрымала 17,5 млн руб. прыбытку. За 5 месяцаў бягучага года галіна не толькі выстаяла, але і знайшла рэсурсы для развіцця, падкрэсліў Алег Мацкевіч. Дастаткова сказаць, што за гэты час адкрылася 45 новых аб'ектаў грамадскага харчавання, 450 крам, 70% тавараў у продажы – айчыннай вытворчасці, і гэта лепшы паказчык у рэспубліцы.
Аналізуючы сітуацыю ў гандлі і грамадскім харчаванні, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірына Леўковіч асабліва вылучыла, што хацела б бачыць лепшыя вынікі. Напрыклад, па рознічным тавараабароце, які на душу насельніцтва склаў 2,5 тыс. руб., што адпавядае чацвёртай пазіцыі сярод рэгіёнаў рэспублікі, а раней па гэтым паказчыку Віцебшчына лідзіравала. Не вельмі задавальняюць і яго тэмпы – 100,3%. Толькі чатыры раёны – Глыбоцкі, Лёзненскі, Талачынскі і Ушацкі – выканалі даведзеныя заданні. Асаблівую занепакоенасць выклікае невыкананне даведзенага задання па тэмпе рознічнага тавараабароту на Полаччыне. З улікам узятых абавязацельстваў у рамках выканання Комплексу мер па развіцці Полацкага раёна да 2025 года, ставіцца задача дасягнуць па выніках 2021 года 105% тэмпу росту рознічнага тавараабароту, аднак за першае паўгоддзе выйшлі на 100%.
На жаль, зніжаюцца аб'ёмы продажаў у сістэме аблспажыўсаюза. Па выніках шасці месяцаў – 87,3% да аналагічнага перыяду мінулага года.
Нягледзячы на тое, што некаторае ажыўленне назіраецца ў рабоце аб'ектаў грамадскага харчавання (тэмпы росту тавараабароту грамадскага харчавання – 116,1%) Віцебшчына апынулася на апошнім месцы сярод абласцей рэспублікі. Аналагічная сітуацыя ў аптовых продажах (102,2%).
Фінансавае становішча арганізацый гандлю застаецца складаным, падкрэсліла Ірына Леўковіч. Нягледзячы на атрыманы прыбытак, 15 прадпрыемствамі гандлю (гэта 19% ад агульнай колькасці суб'ектаў гаспадарання) дапушчаны страты ў памеры 21,5 млн руб. Станоўчым момантам з'яўляецца тое, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года іх сума скарацілася на 50 млн руб., або на 70%.
Сёння пакупнікам важна не толькі наяўнасць тавару, але яго якасць і дэмакратычная цана. У гэтым плане гандаль «заточаны» на выкананне адной з асноўных задач – забеспячэнне стабільнай цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку вобласці.
Індэкс спажывецкіх цэн у чэрвені бягучага года, як падкрэсліла Ірына Леўковіч, склаўся на ўзроўні 105,2% і з'яўляецца самым нізкім сярод абласцей рэспублікі. Гэта вынік вялікай працы спецыялістаў гаррайвыканкамаў і галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама.
Як бы складана ні было сёння, інфраструктура галіны развіваецца. Сярод адкрытых новых аб'ектаў – гіпермаркет «Мацярык» ТАА «Эрніс», другая чарга гандлёвага цэнтра «ТрыО» ЗАТ «Фірма «Амега» у Віцебску, універсам ААТ «Веста» у Полацку, гастраном «Капеечка» ЗАТ «Доброном» у Оршы і інш.
Пашыраецца сетка аб'ектаў грамадскага харчавання – у бягучым годзе іх адкрыта 45 прыкладна на тысячу месцаў. Павышаную цікавасць з боку наведвальнікаў выклікае «Кафэ 16» Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэя, сучасны фуд-корт у ГЦ «ТрыО» у Віцебску, кавярня індывідуальнага прадпрымальніка у Оршы, кафэ «Любалія» у Полацку і інш.
Прынятыя меры дазволілі забяспечыць стабільнасць на спажывецкім рынку, не дапусціць ажыятажнага попыту і перабояў з пастаўкамі, адзначыла Ірына Леўковіч і ачарціла кола актуальных на найбліжэйшую перспектыву пытанняў. Гэта рэалізацыя тавараў да новага навучальнага года, падрыхтоўка аб'ектаў харчавання для школьнікаў, закладка прадукцыі ў стабілізацыйны фонд, пераход на электронныя накладныя пры абароце тавараў, маркіраваных незашчоненымі сродкамі ідэнтыфікатараў і інш.