Найлепшых бацькоў ушаноўваюць у Дзень сям'і ў Сенненскім раёне
15 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшых бацькоў ушаноўваюць сёння ў Сенненскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела адукацыі Сенненскага райвыканкама Алена Дзергачова.
Мерапрыемства "Дзеці - гонар сям'і і краіны" праводзіцца ў раённым цэнтры ў Дзень сям'і ўжо трэці раз. Традыцыйна на яго запрошаны лепшыя прыёмныя, шматдзетныя, апекунскія і няпоўныя сем'і, якія адзначыліся сваімі дасягненнямі ў выхаванні дзяцей. Ганаровымі гасцямі сталі таксама бацькі адораных дзяцей, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскім жыцці, творчасці. Шматлікія віншаванні, невычэрпны паток цёплых слоў, падзякі адрасавалі сёння ўсім сабраным у раённым Доме культуры мамам і татам як прадстаўнікі мясцовых органаў улады, так і самі дзеці.
Галоўная мэта мерапрыемства, што стала ўжо штогадовым, - папулярызаваць каштоўнасці сям'і, садзейнічаць яе ўмацаванню. Акрамя таго, яно заклікана павышаць прэстыжнасць ролі прыёмных бацькоў сярод мясцовага насельніцтва, дадала суразмоўніца.-0-