Лепшых кіраўнікоў года назвалі ў Віцебскай вобласці
Сучасны кіраўнік павінен быць не толькі кампетэнтным спецыялістам, але і валодаць лідарскімі якасцямі, крэатыўным мысленнем, аналітычнымі здольнасцямі, якія дазваляюць пралічваць сцэнарыі развіцця падзей і адэкватна рэагаваць на іх. З улікам гэтых крытэрыяў і на падставе аналізу каля 20 паказчыкаў фінансава-эканамічнай дзейнасці арганізацый вызначаліся ўладальнікі ганаровага звання «Лепшы кіраўнік года Віцебскай вобласці», адзначыў старшыня саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў. Конкурс прызваны стымуляваць павышэнне дзелавой кваліфікацыі і прафесіяналізму дырэктарскага корпуса, што ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі і высокай турбулентнасці ва знешнім асяроддзі набывае асаблівую актуальнасць.
Яго пераможцамі сталі Сяргей Гунько (ААТ «Віцязь»), Сяргей Панеўкін (СЗАТ «Віцебскі машынабудаўнічы завод «Ноўмаш»), Сяргей Раманенка (філіял «Комбінат ЖБІК» ААТ «Аршанскі будаўнічы трэст №18»), Віктар Амельчанка (філіял ААТ «Магатэкс» у Полацку), Міхаіл Бабушкін (СААА «ЛЛК-Нафтан»), Дзмітрый Нясмірны (ААТ «Чысты выток 1872», Чашніцкі раён), Павел Цісецкі (філіял ДЭУ №35 РУП «Віцебскаўтадар», Глыбоцкі раён), Аляксандр Шокель (ААТ «Міёрскі камбікормавы завод»), Галіна Галенка (Бешанковіцкае райпо), Анатоль Лісоўскі (філіял «Паўдзеткі» ААТ «Малако», Віцебскі раён), Сяргей Якушэвіч (ГЛГУ «Гарадоцкі лясгас»), Уладзімір Антанькоў (РУП «Лёзненская хлебная база»), Сяргей Ліцяго (СУП «Саўгас імя Машэрава», Сенненскі раён), Станіслаў Завадскі (УП ЖКГ Ушацкага раёна), Міхаіл Якімовіч (ААТ «Ельня-Агра», Шаркаўшчынскі раён), Руслан Насцюшкін (філіял «Шумілінскае дарожна-рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №204» КУП «Віцебскаблдарбуд»).
Кандыдатуры прэтэндэнтаў на суісканне ганаровага звання прадстаўляюццаструктурнымі падраздзяленнямі саюза наймальнікаў. Пашырэнне колькасці прызавых вакансій адбылося два гады таму пасля стварэння філіялаў ВОСН ва ўсіх раёнах. Гэта зроблена для таго, каб павысіць актыўнасць і эфектыўнасць удзелу дзелавой супольнасці ў рэгуляванні рэгіянальных сацыяльна-эканамічных працэсаў, а падключэнне іх да правядзення конкурсу павінна спрыяць росту аўтарытэту аб'яднання наймальнікаў у цэлым.
Пераможцы будуць узнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ў урачыстай абстаноўцы на адным з найбліжэйшых мерапрыемстваў саюза. Акрамя таго, кіраўніцтва ВОСН хадайнічае перад вышэйстаячымі арганізацыямі і заснавальнікамі прадпрыемстваў аб заахвочванні ўладальнікаў ганаровага звання.
Сяргей Антонов, «Віцебскія весці».