Лепшых спецыялістаў эканамічнага блока Віцебскай вобласці ўшанавалі ў аблвыканкаме

Каля 20 кіраўнікоў і спецыялістаў эканамічных службаў выканкамаў і арганізацый вобласці ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Падзякамі ў Дзень эканаміста, які адзначаецца ў Беларусі 30 чэрвеня. Урачыстая цырымонія ўшанавання лепшых па прафесіі прайшла ў аблвыканкаме.

Віншуючы калег з прафесійным святам, намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна выказала словы шчырай удзячнасці за працу ўсім, для каго эканоміка стала справай жыцця.

 

— У гэтай сферы няма выпадковых людзей. Прафесія патрабуе не толькі высокай кваліфікацыі, але і такіх чалавечых якасцей, як цярпенне, стойкасць. Дзякуючы вашаму прафесіяналізму Віцебшчыне ўдаецца не зніжаць тэмпаў развіцця. Паступова аднаўляецца праца нашых прадпрыемстваў ва ўмовах санкцыйнага ціску. Таму хочацца пажадаць вам моцнага здароўя, аптымізму. Я ўпэўнена, што ўсё ў нас атрымаецца, — адзначыла Анжаліка Нікіціна і перадала віншаванні ад старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна і яго папярэдніка Мікалая Шарснёва.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ганаровай граматай Міністэрства эканомікі Беларусі ўзнагароджаны старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Вераніка Забалуева, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац і намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Каладынскі. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Наталля Каралёва адзначана падзякай Міністра эканомікі. Лепшым па прафесіі ўручаны таксама падзяка старшыні аблвыканкама, Ганаровыя граматы аблвыканкама і камітэта эканомікі.

 

 

 

 

 

 

 

 

"Віцебскія весці"