Найлепшых спартсменаў года будуць ушаноўваць сёння ў Віцебскай вобласці
18 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшых спартсменаў Віцебскай вобласці і іх трэнераў будуць узнагароджваць сёння ў горадзе на Дзвіне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Пётр Нямянёнак.
Пераможцамі і прызёрамі ў бягучым годзе ў розных міжнародных спаборніцтвах сталі 6 атлетаў Віцебшчыны. Так, Сяргей Лагун заваяваў срэбра на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы. Віктар Зуеў стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па боксе, а Аляксандр Макарэнка - на першынстве свету сярод юніёраў па цяжкай атлетыцы. Вызначыліся і прадстаўніцы прыгожага полу. На спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы Вольга Княжышча стала пераможцай першынства Еўропы сярод моладзі, Марына Шкерманкова аказалася лепшай на першынстве Еўропы сярод юніёрак, а Ганна Бацюшка заваявала срэбны медаль на чэмпіянаце свету па гэтым відзе спорту.
Сёння на святочным мерапрыемстве ў адрас спартсменаў і іх трэнераў будзе гучаць шмат цёплых слоў і віншаванняў ад прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, іх сяброў і блізкіх. За свае спартыўныя дасягненні яны будуць адзначаны спецыяльнымі прызамі.
Пётр Нямянёнак таксама адзначыў, што ў бліжэйшы час у Віцебску адбудзецца яшчэ адна такая ж цырымонія. На гэты раз яе галоўнымі героямі стануць спартсмены, якія займаюцца акадэмічнай грэбляй, біятлонам, мастацкай гімнастыкай і лёгкай атлетыкай.
У Віцебскай вобласці функцыянуе 61 ДЮСШ па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, 2 вучылішчы алімпійскага рэзерву (у Віцебску і Наваполацку), абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства і цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі ў горадзе Барань. Спартыўную падрыхтоўку ў гэтых установах праходзяць 22,8 тыс. чалавек. Са спартсменамі працуюць 1133 трэнеры. У 2009 годзе імі падрыхтавана 15 майстроў спорту міжнароднага класа, 116 майстроў спорту і 288 кандыдатаў у майстры спорту. У нацыянальных камандах Беларусі прадстаўлена 611 спартсменаў Віцебскай вобласці. Усяго ў рэгіёне культывуецца 55 відаў спорту, з іх 32 - алімпійскіх (25 летніх відаў спорту і 7 - зімовых). -0-