Найлепшых спартсменаў года назвалі ў Віцебску
У Віцебскім гарвыканкаме ва ўрачыстай абстаноўцы ўшанавалі спартсменаў, якія вызначыліся сёлета на міжнародных спаборніцтвах.
На чэмпіянатах свету і Еўропы, Кубках свету ў ліку пераможцаў і прызёраў былі Аляксандр Макаранка (цяжкая атлетыка), Віктар Зуеў (бокс), Яна Максімава (лёгкая атлетыка), Святлана Макштарава (скачкі на батуце) і яшчэ трынаццаць спартсменаў. Сярод прызнаных майстроў ганаровыя граматы і грашовыя прэміі атрымалі і зусім юныя. Батутысты Мацвей Арлоў, Мікіта Фомчанка і Антон Шайко паспяхова выступілі на юнацкім чэмпіянаце свету.
Прывітаўшы спартсменаў і іх трэнераў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Ігар Кіруценка адзначыў, што ў абласным цэнтры развіваюцца 28 летніх і 7 зімовых алімпійскіх відаў спорту. Ва ўжо мінулым годзе падрыхтавана 332 першаразраднікі, 24 майстры спорту і 100 кандыдатаў у майстры спорту. Планамерна абнаўляецца і пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база. У прыватнасці, у красавіку ўведзена ў эксплуатацыю чаша міні-басейна ДЮСШ-8, у лістападзе пасля рамонту адкрыты басейн СДЮШАР-4. Ігар Кіруценка аддаў належнае трэнерскаму складу, які сваёй працай прыводзіць спартсменаў да медалёў на міжнародных спаборніцтвах і павышае імідж нашай краіны на сусветнай арэне.
Нягледзячы на пераднавагоднія дні, спартсмены працягваюць інтэнсіўна рыхтавацца да будучых стартаў. Напрыклад, Яне Максімавай праз два месяцы трэба будзе выступіць на зімовым чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў польскім Сопаце.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"