Лепшых спартсменаў вобласці ўшанавалі сёння ў Віцебску

11 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшых спартсменаў вобласці і іх трэнераў ушанавалі сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Урачыстая цырымонія адбылася ў Зале спартыўнай славы, адкрытым на базе Цэнтральнага спартыўнага комплексу. У цэнтры ўвагі апынуліся сярэбраны прызёр I юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Сінгапуры па скачках на батуце Святлана Макштарава, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па боксе Віктар Зуеў і бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы Вольга Княжышча. Спартсменам і іх трэнерам уручаны ганаровыя ўзнагароды і дыпломы ад імя старшыні Віцебскага аблвыканкама і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. "Вашы дасягненні з'яўляюцца гордасцю ўсёй краіны, яны спрыяюць павышэнню аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне", - падкрэсліў першы намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Пётр Нямянчанок, віншуючы спартсменаў. Для дасягнення значных спартыўных вынікаў у вобласці надаецца значная ўвага развіццю фізічнай культуры і спорту. Так, у гэтым годзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных устаноў накіравана Br70 млрд. За кошт гэтых сродкаў вядзецца будаўніцтва лядовага палаца ў Оршы, грэбнай базы ў Полацку, рэканструкцыя спорткомплексу "Журжава" у Віцебску, стадыёна ў Глыбокім, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў у Расонах і Паставах, палаца гульнявых відаў спорту ў Полацку. Вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа. Для падтрымкі таленавітай моладзі і вядучых спартсменаў заснаваны і выплачваюцца сто наменклатурных стыпендый. Рэгулярным мерапрыемствам стала правядзенне ўшанаванняў лепшых спартсменаў вобласці. Усяго ў 2010 годзе спартсмены Віцебскай вобласці заваявалі на чэмпіянатах свету і Еўропы па алімпійскіх відах спорту 36 медалёў. Гэта лепшы вынік з 2005 года.-0-