Лепшых стаматолагаў Віцебскай вобласці вызначылі на конкурсе прафесійнага майстэрства

Пераможцам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства «Лепшы ў прафесіі» стала ўрач-стаматолаг Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклінікі Анастасія Цімашэнка (на здымку ў цэнтры). Дыплом II ступені ўручаны Наталлі Андрэйчык з Наваполацкай стаматалагічнай паліклінікі, дыплом III ступені — Марыне Лапеха, якая прадстаўляла Віцебскую гарадскую клінічную стаматалагічную паліклініку. Яны паказалі высокае прафесійнае майстэрства, уменне працаваць з сучасным пломбіравальным матэрыялам, прымяняць у працы інавацыйныя падыходы, пісьменна запаўняць медыцынскую дакументацыю, выконваць асновы дэанталогіі. Пераможца атрымала права ўдзелу ў фінале аналагічнага рэспубліканскага прафсасцязання.

Заахвочвальнымі прызамі адзначаны ўсе ўдзельнікі, якія прадстаўлялі профільныя паліклінікі Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка і стаматалагічнае аддзяленне Бешанковіцкай ЦРБ. Цырымонію ўзнагароджання правёў галоўны ўрач абласной стаматалагічнай паліклінікі галоўны пазаштатны стаматолаг аблздраўупраўлення Васіль Варганаў (на здымку злева). Ён адзначыў, што прафесійную працу конкурсантаў ацаніла не толькі журы на чале з загадчыкам 1-й кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта кандыдатам медыцынскіх навук Л.Казека, але і пацыенты.

Вера МУРАШКІНА, «Віцьбічы».