Найлепшую шматдзетную сям'ю года выбралі ў Віцебскай вобласці
Штогадовае мерапрыемства даўно стала найлепшай дэманстрацыяй сям’і як галоўнай каштоўнасці, а для саміх бацькоў і дзяцей – магчымасцю адцягнуцца ад будняў і клопатаў, паспрабаваць сябе ў новай ролі, прадэманстраваць свае таленты і выдатна правесці час усім разам.
Так, упершыню ўсёй сям’ёй выйшлі на сцэну Наталля і Юрый Кохановічы з трыма дзецьмі з Браслаўшчыны. Як сказала мама, кіраўнік сям’і служыць у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы МУС, таму нячаста ўдаецца прысвяціць час дамачадцам, а падрыхтоўка да конкурсу і само творчае спаборніцтва толькі ўмацавалі іх камандны дух і паслужылі добрым нагодай пабыць разам. І сцэнічны дэбют прынёс свой вынік – Кохановічы адзначаны ў намінацыі «Мая сям’я».
Гумарам і запалам заваявалі журы Краўчукі з Віцебска, яны і заваявалі званне «Найлепшая шматдзетная сям’я Віцебшчыны-2017». Мама Алена – настаўніца англійскай мовы ў школе, тата Алег – галоўны бухгалтаp на прыватным прадпрыемстве, дачка Крысціна і сыны Ігар і Паша вучацца ў школе.
Сямейны падрад Сарыных з Наваполацка
«Сям’я – гэта не праца», – упэўненыя муж і жонка. Напэўна, таму выступленне і перамога ім даліся лёгка і з задавальненнем. Пра радасць у вялікім і малым, а таксама пра весялосць, пачуццё гумару нагадваў і жоўты колер, які гэтая каманда выбрала фірмовым для свайго выступлення.
Другое месца дасталася навапалачанам Сарыным, дыплом трэцяй ступені – Дзям’янавым з Мёрскага раёна.
Пераможцы конкурсу - сям’я Краўчукоў
Усяго на Віцебшчыне, як паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ніна Калымага, пражывае 155 тыс. сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, з якіх 8 тыс. – шматдзетныя.
Сям’я Новіцкіх з Верхнядзвінскага раёна адзначана ў намінацыі "Радавод"
– Створаная і стабільна дзеючая сістэма мер падтрымкі сем’яў з дзецьмі ўзмацнілася ў мінулай пяцігодцы, стала больш маштабнай і комплекснай, атрымала высокую ацэнку на міжнародным узроўні. Так, у рэйтынгу краін, спрыяльных для нараджэння дзяцей, Беларусь заняла 25-ю пазіцыю з 179. Пры нараджэнні дзіцяці ў нашай рэспубліцы прызначаецца каля 11 відаў дапамог. У 2015 годзе дадзеная сістэма падтрымкі ўзмацнілася такім новым элементам, як сямейны капітал пры з’яўленні трэцяга і наступнага дзіцяці. Матэрыяльная падтрымка дзяржавы – важны фактар умацавання сям’і, аднак асноўная нагрузка па выхаванні падрастаючага пакалення кладзецца на плечы бацькоў. Ад таго, наколькі ім удасца закласці ў дзіця маральна-каштоўнасныя арыенціры, залежыць далейшае развіццё нашага грамадства, – падкрэслівае Ніна Іванаўна.
Сям’я Лагінавых з Віцебскага раёна атрымалі дыплом лаўрэатаў конкурсу
Наталля Рыжкова. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".