Лепшую моладзевую дружыну вобласці вызначаць 1 кастрычніка ў Віцебску
27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшую моладзевую дружыну вобласці вызначаць 1 кастрычніка ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
У спаборніцтвах, якія праводзяцца штогод з 1999 года, возьмуць удзел 26 каманд па пяць чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года. Дарога да тытула лепшай дружыны будзе нялёгкай. Так, удзельнікам трэба будзе адказаць на шырокі спіс пытанняў па правілах аховы правапарадку, заканадаўстве, медыцынскай падрыхтоўцы. Апошняя ўключае таксама практычнае заданне. Наступны этап прысвечаны фізічнай падрыхтоўцы. Гэта бег на 100 м, комплекс сілавых практыкаванняў, праходжанне складанай паласы перашкод. Паблажак для дзяўчат не прадугледжана: усе заданні яны будуць выконваць нараўне з маладымі людзьмі, адзначылі ў БРСМ.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць абласная арганізацыя БРСМ, аддзел па справах моладзі і УУС Віцебскага аблвыканкама.
Цяпер у Віцебскай вобласці дзейнічаюць 27 моладзевых дружын з агульнай колькасцю звыш 600 чалавек. Гэтыя фарміраванні ўжо добра зарэкамендавалі сябе як дзейсная дапамога супрацоўнікам міліцыі ў ахове грамадскага парадку і правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў. У ліку лепшых па арганізацыі работы і непасрэдна дзейнасці, па даных УУС, знаходзяцца дружыны Віцебска (сярод гарадоў) і Лепеля (сярод раёнаў). -0-