Лепшую школьную пярвічку БРСМ выберуць сёння на абласным турніры ў Віцебску
20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшыя школьныя каманды БРСМ сабраліся сёння на абласны турнір у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Удзельнікамі фіналу конкурсу на лепшую пярвічку "Школьны марафон" сталі восем каманд: "Сугучча" (Віцебск, гімназія №8), "Факел" (Віцебскі раён, Мазалоўская СШ), "Эўрыка" (Полацк, гімназія №2), "Праметей" (Лепель, гімназія №1), "Шок" (Орша, СШ №3), "Ювента" (Глыбокае, СШ №1), "Юнацтва" (Ліёзна, СШ №1), "Мы" (Шаркаўшчына, СШ №1). Права змагацца за званне лепшых фіналісты заваявалі на раённых і рэгіянальных этапах конкурсу, у якіх узялі ўдзел звыш 1,5 тыс. навучэнцаў.
На заключным этапе будуць прадстаўлены творчыя праекты, самадзейныя нумары. Таксама ўдзельнікам трэба будзе паўдзельнічаць у конкурсах "Давайце пазнаёмімся!", "Маладзёжны калейдаскоп", "Разам у будучыню!", "Цыцэроній", "Відэа-віктарына". Журы і гледачы ацэняць крэатыўнасць канкурсантаў, іх інтэлектуальны і творчы патэнцыял, лідарскія якасці.
Мерапрыемства заклікана спрыяць фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі падлеткаў, павышэнню эфектыўнасці дзейнасці органаў школьнага самакіравання. Арганізатарамі "Школьнага марафону" з'яўляюцца ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і абласны камітэт БРСМ.-0-