Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця аграпрамысловых аб'яднанняў Віцебскай вобласці
Аляксандр Лукашэнка гатовы даць кіраўнікам у АПК любыя паўнамоцтвы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што цяпер складваецца выдатны момант для развіцця сельскай гаспадаркі і экспарту харчавання. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця аграпрамысловых аб'яднанняў Віцебскай вобласці.
Указ, які тычыцца пытанняў стварэння і функцыянавання такіх аб'яднанняў, быў прыняты ўжо два гады таму - у лютым 2020 года. Як далажылі чыноўнікі, пэўныя вынікі ёсць: удалося знізіць даўгавую нагрузку, вырашаюцца пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, разгорнута маштабнае будаўніцтва новых аб'ектаў на фермах (праўда, многія з іх пакуль яшчэ ў стадыі завяршэння, альбо не загружаны жывёлай), прымаецца шэраг крокаў для вырашэння кадравых праблем. Тым не менш праблемныя пытанні шмат у чым застаюцца. Перш за ўсё, пакуль няма належнай фінансавай аддачы, магутнасці шэрагу прадпрыемстваў недазагружаны. У гэтай сітуацыі чыноўнікі запэўніваюць, што для бачнага эфекту трэба яшчэ трохі часу - дабудаваць пачатае і загрузіць ужо пабудаваныя аб'екты, а таксама вырашэнне шэрагу фінансавых і кадравых пытанняў.
У цэлым Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што сістэма падобных аб'яднанняў прыдатная і здольная існаваць. Больш за тое, гэта па сутнасці ніякая не навінка, аб'яднанне вытворчасцей сыравіны, перапрацоўкі і гандлю прадукцыяй, як правіла, прыносіць чаканы станоўчы фінансавы вынік: "Таму вось гэта першы крок (аб'яднанне вытворчасцей сыравіны і перапрацоўкі. - Заўв.). Падключаеце гандаль - канчатковы варыянт. Гэта нармальная сістэма, якая павінна была даць вынік"
Субоцін распавёў, калі аграпрамысловыя аб'яднанні пачнуць самі сябе карміць і развіваць
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін падвёў вынікі нарады з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
"Вызначыліся яшчэ два гады таму, калі гэты ўказ прымалі, што ім быць. Але вось у якім выглядзе ім быць і куды далей рухацца - гэта рух патрабуе карэкціроўкі, таму што вакол усё мяняецца. І сама праца - структура - агаляе нейкія праблемы", - адзначыў губернатар.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Субоцін распавёў, што па нейкіх пытаннях спатрэбіцца карэкціроўка палажэнняў прэзідэнцкага ўказа. Частку пытанняў можна вырашыць іншымі спосабамі. "Але як вынік усяго: зачын зроблены, і мы канстатуем, што ўкладзеныя інвестыцыі яшчэ не пачалі прыносіць нам зваротныя даходы, грошы. Таму наша першачарговая задача - тое, што зроблена, каб запусціць і яно пачало працаваць. Тады гэты механізм пачне сам сябе карміць і развіваць", - сказаў ён.
"Пастаўлены амбіцыйныя і жорсткія задачы". Брыло распавёў пра будучыню АПК Віцебскай вобласці
Створаныя ў Віцебскай вобласці аграпрамысловыя аб'яднанні жыццяздольныя, стаяць амбіцыйныя задачы па іх развіцці. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
"Пастаўлены дастаткова амбіцыйныя і жорсткія задачы нам усім: падумаць, як далей рэфармаваць і "упрыгожыць" гэтыя структуры, каб яны працавалі больш эфектыўна", - распавёў міністр аб выніках нарады з кіраўніком дзяржавы ў Глыбокім.
На яго думку, для гэтага перш за ўсё трэба развіваць жывёлагадоўлю, што дазволіць васпоўніць аб'ёмы перапрацоўкі прадукцыі на прадпрыемствах. Акрамя таго, трэба звярнуць увагу на нарыхтоўку кармоў.
Ігар Брыло звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць прыклады паспяховых аграпрамысловых комплексаў, напрыклад агракамбінаты "Дзяржынскі" і "Сноў". Але структура гэтых прадпрыемстваў фарміравалася на працягу некалькіх гадоў, а падобныя аб'яднанні ў Віцебскай вобласці былі створаны адначасова, таму зараз адчуваюць пэўныя фінансавыя цяжкасці.
"Калі мы раскроем усе рэзервы на кожным з прадпрыемстваў, то, вядома, фінансавы стан можам паправіць. Гэтая структура дзеяздольная, але патрэбныя ў тым ліку і добрыя кіраўнікі з глыбокім разуменнем
сельскай гаспадаркі, - адзначыў ён. - Спадзяемся, што ўсё стане на свае месцы і гэтыя структуры выйдуць на станоўчую дынаміку работы".