Лукомльская ГРЭС завяршыла мадэрнізацыю чатырох энергаблокаў
9 чэрвеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. На Лукомльскай ДРЭС завершана мадэрнізацыя чатырох энергаблокаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў вядучы інжынер РУП "Аператыўна-дыспетчарскае кіраванне" ГПА "Белэнерга" Уладзімір Кордуба.
Суразмоўнік распавёў, што мадэрнізацыя дазволіць штосутачна эканоміць да 1,5 т умоўнага паліва на кожным з чатырох блокаў, пры гэтым магутнасць ДРЭС павялічыцца.
Абнаўленне энергаблокаў праводзілася паэтапна, пачынаючы з 2006 года. Раней удзельны расход паліва на адпуск электраэнергіі складаў 320 г на 1 кВт.г. электраэнергіі, у мадэрнізаваных энергаблоках на выпрацоўку 1 кВт.г электраэнергіі будзе расходавацца менш за 310 г умоўнага паліва.
Па словах Уладзіміра Кордубы, эканамічная эфектыўнасць праведзенай мадэрнізацыі энергаблокаў вельмі высокая - затрачаныя сродкі, па падліках спецыялістаў, павінны акупіцца праз 2-3 гады.
Лукомльская ДРЭС з'яўляецца філіялам РУП "Віцебскэнерга" ГПА "Белэнерга". Усталяваная магутнасць станцыі - 2,4 тыс. МВт, што складае больш за 30% ад усталяванай магутнасці ўсёй энергасістэмы Беларусі. З 2002 года на станцыі рэалізуецца праект па тэхпераўзбраенні, разлічаны да канца 2010 года. Праграма работ прадугледжвае замену абсталявання, што выпрацавала свой рэсурс, у тым ліку праточнай часткі паравых турбін.-0-