Ільвяня з Калінінграда шчасна прыбыло да новага месца жыхарства ў Віцебск

14 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Ільвяня з Калінінграда сёння шчасна прыбыло ў Віцебск, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага заапарка Аляксей Андрэйкоў. Дзесяцімесячнаму ўраджэнцу Калінінградскага заапарка давялося перажыць не самы лёгкі дзень у сваім жыцці: днём ён ляцеў на самалёце да Мінска, а потым яго больш за 200 км везлі на грузавым мікрааўтобусе да Віцебска. Па словах Аляксея Андрэйкова, самаадчуванне цара звяроў пасля такога падарожжа цалкам здавальняючае. Аднак на працягу месяца малады леў будзе знаходзіцца на каранціне. Новага пастаяльца заапарка вырашана назваць Маркам - у гонар кампаніі "Марка", якая выступіла спонсарам гэтай пакупкі. Больш за 20 гадоў у Віцебскім заасадзе жыў леў па мянушцы Рыгус, аднак гады ўзялі сваё, і ў 2009-м гарадскога любімца не стала. І вось вядомае ў Беларусі прадпрыемства вырашыла падарыць віцебскай дзетвары ў першую чаргу льва. Дарэчы, яшчэ адзін спонсар - аўтатранспартнае прадпрыемства "Таксі-Блюз" дапамагло даставіць яго ў горад. Жыць Марк будзе ў прасторнай абаграванай клетцы. Як спадзяюцца ў заапарку, доўга сумаваць льву аднаму не давядзецца. Магчыма, спонсары дапамогуць набыць яму сяброўку. Пошук ільвіцы ўжо пачаўся. У Віцебскім заапарку налічваецца звыш паўсотні відаў жывёл, птушак, рэптылій. Сярод апошніх набыткаў заапарка - шчаціннікавыя мышы, каралеўскі лампрапелціс-альбінос і ваўчыца - усе яны былі падораны заасаду.-0-