На тэрыторыі Беларусі 13-16 лютага пройдзе лыжны пераход у гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі
12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лыжны пераход, прысвечаны 65-й гадавіне Вялікай Перамогі, пройдзе па тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.
Лыжны пераход па маршруце "Ніжні Ноўгарад - Пскоў - Полацк - Віцебск - Смаленск - Масква", які праходзіць па мясцінах гераічнага мінулага расійскага і беларускага народаў, стартаваў 9 лютага. Акцыя прысвечана 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 80-годдзю з дня стварэння Паветрана-дэсантных войскаў. На тэрыторыі Беларусі акцыя будзе праводзіцца з 13 па 16 лютага.
Удзельнікі сустрэнуцца з ветэранамі, моладдзю, вайскоўцамі воінскіх часцей. Таксама яны выступяць з канцэртамі, будуць удзельнічаць у цырымоніі прыняцця вайсковай прысягі навабранцамі адной з воінскіх часцей у Полацку, выступяць з канцэртам у 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе, наведаюць Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Востраў мужнасці і смутку ў Мінску, а таксама гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна".-0-