Лыжны спорт і скандынаўская хадзьба дапамогуць прышчапіць здаровы лад жыцця жыхарам Віцебскай вобласці
Здаровы лад жыцця ў жыхароў прыгранічных з Латвіяй раёнаў Віцебскай вобласці будуць фарміраваць лыжны спорт і нардычная хадзьба. У адпаведнасці з праграмай ЕІДП "Літва-Латвія-Беларусь" у Віцебскай вобласці пачынае рэалізоўвацца праект "Фарміраванне здаровага ладу жыцця ў прыгранічных раёнах Латвіі і Беларусі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Інфармацыйнага цэнтра ўстойлівага развіцця Наваполацка Таццяна Суздалева.
Фарміраваць здаровы лад жыцця ў жыхароў прыгранічча ўзяліся 11 партнёраў, у тым ліку ад беларускага боку Наваполацк, Глыбоцкі, Верхнядзвінскі і Браслаўскі раёны Віцебскай вобласці. Праект прадугледжвае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных і фізкультурных аб'ектаў і правядзенне спаборніцтваў спартсменаў-аматараў з Беларусі, Латвіі і Літвы. У прыватнасці, у Наваполацку маюць намер правесці асвятленне нядаўна пабудаванай лыжаролернай трасы Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ў пасёлку Баравуха і купіць машыну для фарміравання трасы ў зімовых умовах. Акрамя таго, для ўсіх раёнаў-удзельнікаў будзе закуплены інвентар для лыжнікаў і аматараў нардычнай хадзьбы - папулярнага ў Еўропе віду спартыўных заняткаў.
Праект разлічаны на паўтара года. За гэты час яго ўдзельнікі маюць намер правесці шэсць спаборніцтваў спартсменаў-аматараў - па два ў кожнай краіне. Як адзначыла Таццяна Суздалева, галоўная мэта праекта - стварыць умовы для актыўнага адпачынку і прыцягнуць да заняткаў фізкультурай як мага большую колькасць людзей, бо фізкультура - гэта неад'емлемы складнік здаровага ладу жыцця.
Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Фарміраванне здаровага ладу жыцця ў прыгранічных раёнах Латвіі і Беларусі" адобраны пастановай Савета Міністраў №67 ад 29 студзеня 2013 года "Аб адабрэнні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі". Каардынацыю і кантроль за яго рэалізацыяй забяспечвае Віцебскі аблвыканкам.