Крама «Веста» адкрылася ў мікрараёне Білева Віцебска (+фота)
Для ААТ «Веста» новы магазін на вул. Багатырова ў
Білева – 3 ужо 63-і. Кампанія паспяхова працуе на рынку і ўжо выйшла за межы
Віцебскай вобласці. Яе гандлёвыя аб'екты ёсць у Гродне і Гомелі, а днямі да гэтых
гарадоў дадаўся і Светлагорск. Атрымліваецца, што ў пачатку 2017 года «Веста»
адзначыла другое наваселле.
– Дадзеная гандлёвая сетка паказвае прыклад, што і ў няпростых умовах можна прыбыткова працаваць і развівацца. Важна і тое, што «Веста» аддае перавагу айчынным таварам, якія, як вядома, адрозніваюцца сваёй якасцю. А гэта ў першую чаргу – клопат аб пакупніках, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Поспехі кампаніі адзначаны ганаровай узнагародай
Міністэрства гандлю «Бронзавы Меркурый», акцыянернае таварыства «Веста»
занесена на Дошку гонару Віцебска.
Агульная плошча новага магазіна – 1660 кв. м, гандлёвая зала, у якой прадстаўлены харчовыя і прамысловыя тавары, займае – 870 кв. м. Ёсць кафетэрый на 20 пасадачных месцаў, свой цэнтр па вытворчасці кулінарных вырабаў. Тут створана 46 працоўных месцаў. Прадугледжаны плошчы пад здачу ў арэнду для аказання насельніцтву дадатковых паслуг. Ужо ёсць дамоўленасць аб тым, што ў адным з памяшканняў размесціцца аптэка.
– Палітыка нашай кампаніі – крамы крокавай даступнасці, то бок паблізу месцаў пражывання. Каб пакупнікі не марнавалі час на тое, каб дабрацца да гандлёвага аб'екта, а маглі зайсці за пакупкамі па дарозе дадому. Усе крамы аснашчаны сучасным гандлёва-тэхнічным і халадзільным абсталяваннем, распрацавана сістэма скідак і акцый, – растлумачыў дырэктар ААТ «Веста» Рэйман Веніямінавіч.
У прыватнасці, усім пакупнікам, якія разлічваюцца любой банкаўскай пластыкавай карткай, прадастаўляецца зніжка да 2%. Прадугледжаны сацыяльныя зніжкі шматдзетным сем'ям, інвалідам і пенсіянерам. На прылаўках можна знайсці нямала акцыйных тавараў. Часта праводзяцца дэгустацыі прадукцыі тых ці іншых айчынных вытворцаў.
Так, у дзень адкрыцця крамы пакупнікам прапаноўвалі паспрабаваць дэлікатэсы Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і прысмакі «Чырвонага харчавіка». Дзеці з задавальненнем ласаваліся мармеладам і зефірам, а дарослыя рабілі першыя пакупкі і дзякавалі «Весту» за такі падарунак, які яны атрымалі ў працяг навагодніх святаў.
Таццяна Пастэрнак. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».