Магістральныя аўтоцягнікі 5 жніўня акупаруюць віцебскі аэрапорт
3 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочетов - БЕЛТА/. На лётным полі віцебскага аэрапорта 5 жніўня пройдзе фінал 6-га рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства кіроўцаў магістральных аўтацягнікоў. Упершыню фінальная частка конкурсу праводзіцца не ў сталічным рэгіёне, а ў абласным цэнтры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар асацыяцыі БАМАП Жанна Блоцкая.
На трасе пад Віцебскам збяруцца шэсць наймацнейшых каманд з усіх абласцей краіны, а таксама расійская каманда "Совтрансавто-Масква", якая будзе выступаць па-за залікам. Склад удзельнікаў фінальных заездаў вызначыўся па выніках рэгіянальных адборачных этапаў, у якіх удзельнічала амаль 60 каманд. Акрамя таго, у Віцебску будуць спаборнічаць лепшыя кіроўцы з усіх абласцей, якія сталі пераможцамі ў асабістым заліку на адборачных этапах.
Кіроўцы-міжнароднікі будуць выяўляць наймацнейшых у тры этапы. Тэарэтычная частка конкурсу ўключае праверку ведаў правілаў дарожнага руху, а таксама канвенцыі МДП (Міжнародныя дарожныя перавозкі) і пагаднення ЕСТР (рэжым працы і адпачынку кіроўцаў-міжнароднікаў). Для павышэння значнасці тэарэтычнай часткі конкурсу арганізатары павялічылі колькасць штрафных балаў, якія налічваюцца за няправільныя адказы.
На практычных выпрабаваннях кіроўцы пазмагаюцца ў навыках кіравання аўтацягніком, што прадугледжвае выкананне дзевяці фігур, у тым ліку змейкі, круга, каляіны. Конкурсная траса для ўдзельнікаў будзе больш нагляднай і інфарматыўнай, чым на папярэдніх конкурсах, кіроўцам не давядзецца запамінаць чарговасць выканання фігур, якія будуць пазначаны парадкавымі нумарамі. Акрамя таго, будзе вызначацца самы эканамічны кіроўца. Гэтая частка конкурсу прадугледжвае праходжанне дыстанцыі ў 10 км, па ходзе якой будзе замярацца расход паліва з дапамогай спецыяльнага прыбора. Прылада, распрацаваная БелНДІТ (Транстэхніка), вызначае расход паліва на 1 км з дакладнасцю да грама. Канкурсанты будуць выступаць за рулём велікагрузных аўтамабіляў МАЗ з паўпрычэпам, агульная даўжыня аўтацягнікоў складзе каля 18 м.
Па выніках конкурсных выпрабаванняў стануць вядомы пераможцы і прызёры ў камандным і асабістым заліку, якія ўвязуць з Віцебска ганаровыя Кубкі і дыпломы, а таксама каштоўныя прызы.
Конкурс праводзіцца з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства кіроўцаў-міжнароднікаў, папулярызацыі гэтай прафесіі, а таксама фарміравання станоўчага іміджу як прадпрыемстваў-перавозчыкаў, так і асацыяцыі "БАМАП" у цэлым.
Арганізатарам конкурсу выступае Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (БАМАП).-0-