Макетны міні-горад створаць у Полацку

Макетны міні-горад створаць у Полацку да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Для Полацка 2017 год знамянальны важнымі датамі - будзе адзначацца 1155-годдзе горада і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Падарункам для Полацка да гэтых дат ад устаноў адукацыі стане турысцка-адукацыйны праект "Полацк вачыма дзяцей або горад у мініяцюры", які рэалізуецца з мая 2016 года па верасень 2017 года. Ён уяўляе сабой цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на вывучэнне, збор матэрыялаў і інфармацыі па рэканструкцыі архітэктурных гісторыка-культурных аб'ектаў горада, стварэнне макетаў самых пазнавальных аб'ектаў найстаражытнейшага горада Беларусі і кампазіцый да іх. Удзельнікі - школьнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі, выхаванцы Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, студэнты сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў Полаччыны. Рэалізацыя ініцыятывы прадугледжвае некалькі этапаў, падчас якіх удзельнікі павінны сабраць дакладную гісторыка-краязнаўчую інфармацыю аб аб'ектах (фотаздымкі, малюнкі, чарцяжы, гістарычныя апісанні і г.д.). Затым трэба будзе падрыхтаваць і абараніць адпаведны праект, стварыць макеты аб'ектаў згодна з распрацаванымі і зацверджанымі праектамі.

Праект накіраваны на фарміраванне ў дзяцей і моладзі грамадзянскай пазіцыі, абуджэнне цікавасці да гісторыі Полаччыны, прыцягненне ўвагі да архітэктурных аб'ектаў горада, удасканаленне арганізацыі і зместу навучання і выхавання падрастаючага пакалення ў працэсе ажыццяўлення краязнаўчай і даследчай дзейнасці, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, укараненне сучасных навуковых дасягненняў у практыку краязнаўчай работы ў адукацыйных установах. Ініцыятар - Полацкі райвыканкам, арганізатар - аддзел адукацыі, спорту і турызму.

Алена Ціханава - БЕЛТА.