Максім Дунаеўскі ўзначаліць журы конкурсу выканаўцаў эстраднай песні на «Славянскім базары».

19 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Журы XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" узначаліць кампазітар, народны артыст Расіі Максім Дунаеўскі, паведамляе афіцыйны сайт фестывалю, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Максім Дунаеўскі пісаў песні для Міхаіла Боярскага, Мікалая Карачанцава, Паўла Смеяна, Таццяны Буланавай. Ён аўтар музыкі да больш чым 30 фільмаў, сярод іх "Д’Артаньян і тры мушкецёры", "Ох, вадэвіль, вадэвіль…", "Карнавал", "Трэст, які лопнуў", "Зялёны фургон", "Мэры Попінс, да пабачэння!". Ён вёў праграму на расійскім канале "Культура" пра аперэту, быў членам журы музычнага тэлеконкурсу "Народны артыст". Максім Дунаеўскі актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю і дабрачыннасцю. З'яўляецца прэзідэнтам Дабрачыннага культурнага фонду імя свайго бацькі Ісаака Дунаеўскага, намеснікам старшыні Гільдыі прафесійных кампазітараў, акадэмікам Расійскай нацыянальнай кінаакадэміі, членам экспертнага савета Першага канала тэлебачання па адборы на конкурс "Еўрабачанне" і штогадовай музычнай праграмы "Новыя песні аб галоўным". Кампазітар не раз прымаў удзел у канцэртах на фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У цяперашні час завяршаецца адбор канкурсантаў для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", які з'яўляецца галоўнай інтрыгай фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе ў Віцебску з 12 па 18 ліпеня.-0-