Маляванкі Віцебскай вобласці набылі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны
Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны, які створаны пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы ЮНЕСКА. Маляванкі, як растлумачыла «Віцебскім весткам» вядучы спецыяліст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Шаціла, – від народнага мастацтва, родапачынальнікам якога лічыцца Язэп Драздовіч. Традыцыя распісваць дываны асабліва была распаўсюджана ў 1920-я гады ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах. У гэтых рэгіёнах склаўся характэрны мастацкі стыль, кампазіцыйныя схемы. На дыванах звычайна выяўлялі карціны раю, якім яго бачыў народны мастак, родныя пейзажы, па краях наносілі раслінны арнамент. Маляванкамі ўпрыгожвалі вясковыя дамы.
З пакалення ў пакаленне перадавалася майстэрства. Сярод яркіх прадстаўнікоў гэтага віду мастацтва Ірына Шаціла называе вучня Драздовіча Фёдара Сухавілу з Глыбоцкага раёна, Марыю Ларыну з Віцебска. Іх работы знаходзяцца ў фондах АМЦНТ. Сёння традыцыю працягвае дырэктар Глыбоцкага Дома рамёстваў Святлана Сковырко, якая дзеліцца сакрэтамі рамёства з маладым пакаленнем.
Цяпер у спісе нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі 8 народных традыцый Віцебшчыны. Акрамя дэкаратыўных дываноў, гэта калядная гульня "Жаніцьба Церашкі" ў Лепельскім раёне, тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» ў вёсцы Мацюкова, выпечкі жытнёвага хлеба ў вёсцы Дзяркоўшчына і абрад “Насіць намётку” ў вёсцы Папшычы – у Глыбоцкім, ажурнае ткацтва і масленічная абрадавая гульня "Пахаванне дзеда" – у Гарадоцкім раёне, валянне валёнак – у Міёрскім.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"