Малаяраславец зацікаўлены ў вырабе помніка героям Айчыннай вайны 1812 года полацкім прадпрыемствам
21 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Горад Малаяраславец (Калужская вобласць Расійскай Федэрацыі) зацікаўлены ў прыцягненні ААТ "Тэхналіст-Полацк" да вырабу помніка-капліцы героям Айчыннай вайны 1812 года. Пра гэта сёння перад адкрыццём помніка героям вайны 1812 года ў Полацку паведаміў кіраўнік адміністрацыі Малаяраслаўца Аляксандр Гейзер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Малаяраславец, як і Полацк, быў адным з сямі гарадоў, дзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў памяць аб найбольш значных бітвах вайны 1812 года былі ўстаноўлены манументы. У пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя помнік быў разбураны, і цяпер, напярэдадні 200-годдзя перамогі над напалеонаўскімі войскамі, адміністрацыя Малаяраслаўца мае намер аднавіць гістарычную рэліквію.
Паглядзеўшы на полацкі манумент, адміністрацыя Малаяраслаўца выказала надзею на супрацоўніцтва з полацкім прадпрыемствам, якое займалася адліўкай помніка. "Выдатная якасць працы, цудоўнае афармленне вакол помніка", - падзяліўся ўражаннем кіраўнік адміністрацыі Малаяраслаўца. На яго думку, супрацоўніцтва з ААТ "Тэхналіст-Полацк" можа пакласці пачатак далейшым дзелавым кантактам паміж двума гарадамі.-0-