Малы і сярэдні прадпрыемствы ўносяць адчувальны ўклад у фарміраванне абласнога бюджэту

Малы і сярэдні прадпрыемствы забяспечваюць занятасць насельніцтва і ўносяць адчувальны ўклад у фарміраванне абласнога бюджэту. Гэта адзначыў сёння на падвядзенні вынікаў конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2012 года" намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Алег Мацкевіч падкрэсліў, што дзейнасць суб'ектаў малога бізнесу ахоплівае 23 галіны народнай гаспадаркі (траціна малых і сярэдніх арганізацый прадстаўляе сферу гандлю, у вытворчасці занята 14% арганізацый, у будаўніцтве - 9%, у сельскай гаспадарцы - 8%).

"Акtyўна развіваецца бізнес у рэгіёнах. У малых, сярэдніх гарадскіх і сельскіх населеных пунктах зарэгістравана больш за 5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і паўтары тысячы юрыдычных асоб. Малы бізнес мабільны і гнутка рэагуе на патрэбы рынку. У 2012 годзе ў вобласці створана 18 прадпрыемстваў, арыентаваных на выпуск спажывецкіх тавараў, якія вырабілі прадукцыі на Br9 млрд. і стварылі 174 працоўныя месцы. З 240 створаных летась аб'ектаў сферы паслуг - 196 арганізацый (больш за 80%) адкрыты прадпрымальнікамі", - сказаў Алег Мацкевіч.

Ён таксама адзначыў, што ў цэлым на долю прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу прыпадае 14% агульнага аб'ёму вытворчасці прадукцыі, больш за палову новых працоўных месцаў. "Малы бізнес найбольш актыўны ў стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей, абнаўленні актыўнай часткі абсталявання, укараненні найноўшых тэхналогій, што спрыяе развіццю інавацыйнай дзейнасці. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі вырасла з 9% у 2010 годзе да 27% у мінулым. Важны ўклад у развіццё інавацыйнай дзейнасці ўнеслі такія арганізацыі, як "Верхні луг" (вытворчасць элітных сыроў), "ДокаФэрумМастер" (вытворчасць вырабаў з металу), "Мікрабіётыкі" (вытворчасць лекавых прэпаратаў для ветэрынарыі) і іншыя прадпрыемствы", - паведаміў намеснік старшыні выканкама.

Алег Мацкевіч адзначыў, што ў апошні час назіраецца павышэнне інвестыцыйнай актыўнасці камерцыйных прадпрыемстваў. Яны прыцягнулі больш Br3 трлн. інвестыцый у асноўны капітал, або чвэрць агульнага аб'ёму інвестыцый вобласці. Растуць і экспартныя пастаўкі. За 2012 год суб'екты прадпрымальніцтва экспартавалі тавараў больш чым на $2 млрд., або 61% экспарту ў цэлым па вобласці. Сальда знешняга гандлю склала $1,3 млрд., што ў 3 разы больш, чым у 2011 годзе.

Намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў, што ў рэгіёне на практыцы рэалізуюцца палажэнні Дырэктывы №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". На пастаяннай аснове вядзецца праца па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. У межах палажэння дэкрэта №6 вызвалены ад увозных мытных пошлін 136 суб'ектаў прадпрымальніцтва. На тэрыторыю вобласці яны ўвезлі амаль 300 адзінак рознага абсталявання на $4,5 млн. У цэлым на падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва летась з абласнога бюджэту накіравана Br2,7 млрд.

"Аблвыканкам і ў далейшым гарантуе дапамогу і падтрымку найбольш перспектыўным напрамкам бізнесу. Перш за ўсё, прадпрыемствам, якія нацэлены на выпуск інавацыйнай, экспартаарыентаванай, імпартазамяшчальнай прадукцыі", - запэўніў Алег Мацкевіч. Ён выказаў надзею на тое, што ў рэалізацыі намечаных мер улада і прыватны бізнес знойдуць узаемаразуменне, і прадпрымальніцкі сектар стане важным фактарам росту эканомікі рэгіёну і павышэння якасці жыцця людзей.

Пераможцамі конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2012 года Віцебскай вобласці" сталі 10 суб'ектаў гаспадарання.

У цяперашні час у малым і сярэднім бізнесе вобласці заняты больш за 150 тыс. чалавек, або 27% працуючых у народнай гаспадарцы. Ажыццяўляюць дзейнасць 26 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, больш за 9 тыс. прадпрыемстваў сферы бізнесу.

БЕЛТА