"Марко" і італьянская кампанія "Балдзініні С.р.л." інвестуюць у сумесны праект 15 млн. еўра
19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Марка" і італьянская кампанія "Балдзініні С.р.л." падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка" Мікалай Мартынаў.
У адпаведнасці з раней дасягнутымі пагадненнямі ў ліпені-жнівень пад кантролем "Балдзініні С.р.л." пачнецца выпуск высакаякаснага скуранога абутку на фабрыцы "Сан Марка", якая ўваходзіць у склад холдынгу "Марка". Да гэтага беларускія спецыялісты пазнаёмяцца з асаблівасцямі выпуску прадукцыі на італьянскіх прадпрыемствах, пройдуць стажыроўку. Згодна з дагаворам замежны партнёр цалкам прадаставіць увесь раскрой і дакументацыю па мадэлях, фурнітуру. Па словах Мікалая Мартынава, сумесна з кіраўніком кампаніі "Балдзініні С.р.л." Джымі Балдзініні прынята рашэнне, што элітны абутак будзе выпускацца пад брэндам "Брава". Яго рэгістрацыя ўжо завяршылася.
На рэалізацыю сумеснага праекта "Марка" і "Балдзініні С.р.л." адводзяць два гады і гатовыя накіраваць на яго ажыццяўленне 15 млн. еўра. У 2010 годзе будзе выпушчана 100 тыс. пар абутку пад маркай "Брава", не меншы аб'ём выпуску плануецца і ў 2011 годзе.
Калекцыя "восень-зіма 2010-2011" маркі "Брава" будзе ўключаць сто мадэляў абутку, распрацаваных італьянскімі дызайнерамі. Больш за 80% - жаночы асартымент.
Італьянскі і беларускі бізнесмены дамовіліся аб прасоўванні абутку пад гандлёвай маркай "Брава" на расійскі рынак. Каля паловы аб'ёму вытворчасці будзе экспартавацца ў Расійскай Федэрацыі.
Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Марка" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў абутку ў Беларусі. У яго склад уваходзіць каля дзясятка прадпрыемстваў, у тым ліку тры фабрыкі па вытворчасці абутку. Па выніках 2009 года кампанія выпусціла 3,5 млн. пар абутку, што на 452 тыс. пар абутку больш, чым у 2008 годзе. Па папярэдніх дадзеных, у першым квартале тэмп росту вытворчасці на абутковых прадпрыемствах кампаніі складзе 120%. Больш за 50% абутку экспартуецца ў Расію. Прадпрыемства "Марка" было створана ў 1991 годзе, тут працуюць звыш 3 тыс. чалавек.
Кампанія "Балдзініні" створана ў 1910 годзе ў горадзе Сан Маўра Пасколі (Італія), дзе да гэтага часу знаходзяцца яе асноўныя вытворчыя плошчы. Выпускае высакаякасны элітны скураны абутак сярэдняй і вышэйшай цэнавай катэгорыі для мужчын і жанчын, а таксама скураныя аксэсуары. Прадукцыя адрозніваецца вытанчаным дызайнам і адносіцца да катэгорыі найбольш прэстыжных у Еўропе і свеце. Абароты "Балдзініні С.р.л." складаюць у сярэднім каля 50 млн. еўра ў год. На прадпрыемствах кампаніі працуюць звыш 300 чалавек. 80% вырабленай прадукцыі прызначана на экспарт. На рынках СНД і Усходняй Еўропы створана монобрэндавая тавараправодзячая сетка Baldinini.-0-