Маршрут аўтапрабегу ветэранаў ваенна-марскога флоту Беларусі і Расіі прайшоў праз Дубровеншчыну і Оршу
На мяжы гасцей сустракалі прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЕСКА «Русічы», якія разам з ветэранамі ваенна-марскога флоту адправіліся на мемарыяльны комплекс «Рыленкі», усклалі кветкі да брацкай магілы. Пасля экскурсіі па Дубровеншчыне і сустрэчы з кіраўніцтвам раёна мерапрыемствы перамясціліся ў Оршу. На Кургане Несмяротнасці прайшоў мітынг-рэквіем з ускладаннем кветак і хвілінай маўчання. Старшыня Беларускага саюза ваенных маракоў Валерый Халадзілін і контр-адмірал Аляксандр Мачайкін уручылі кіраўніку «Русічаў» Рыгору Шараю юбілейны медаль да 100-годдзя Дняпроўскай флатыліі. Перадалі аршанцам і каштоўныя падарункі – кнігі Беларускага саюза ваенных маракоў пра беларусаў-падводнікаў і фрагмент корпуса падводнай лодкі «Курск».
Як расказаў Валерый Халадзілін, да Дня Перамогі маракі ажыццявілі пераход па Дняпры на яхтах з Магілёва да Лоева, дзе ўручылі марскім памежнікам Беларусі сцяг Дняпроўскай флатыліі. А 23 ліпеня са Смаленска стартаваў дадзены аўтапрабег па беларускіх і расійскіх населеных пунктах, размешчаных уздоўж Дняпра, памятных мясцінах. Пасля Оршы маракоў прынялі Мінск і Магілёў. Фінішаваў прабег у Рэчыцы 28 ліпеня, у Дзень ваенна-марскога флоту Расіі.