«Маршрут цвярозасці» з'явіцца ў Наваполацку
25 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Маршрут цвярозасці" неўзабаве з'явіцца ў Наваполацку. Адной з прапаноў рэзалюцыі дэлегатаў першага гарадскога народнага сходу, тэмай якога стала прафілактыка п'янства, было чытанне аўдыёлекцый у грамадскім транспарце аб шкодзе алкаголю і яго небяспецы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Вячаслаў Дурноў.
Наваполацку ёсць чым ганарыцца ў прамысловай і сацыяльнай галінах, але існуе праблема, якую трэба вырашаць усім мірам, - гэта п'янства і звязаная з ім злачыннасць. Больш за 55% выпадкаў злачынстваў і правапарушэнняў у горадзе здзейснена ў стане алкагольнага ап'янэння, траціна пажараў, як правіла, адбываецца па віне нецвярозых грамадзян. Акрамя таго, п'янства ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў Наваполацку і нясе велізарныя чалавечыя пакуты. На думку Вячаслава Дурнова, "слова "барацьба" да тэмы алкагалізацыі і п'янства не зусім падыходзіць, хутчэй, гэта хвароба грамадства, і для яе лячэння неабходна прыцягваць усіх неабыякавых". Таму ўлады Наваполацка вырашылі з дапамогай грамадзян выпрацаваць сістэму мер па процідзеянні згубнай прыхільнасці і склікалі першы гарадскі народны сход.
Прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх фарміраванняў пасля абмеркавання праблемы прынялі рэзалюцыю, якая будзе з'яўляцца планам дзеянняў па прафілактыцы п'янства і алкагалізму на 2011-2015 гады. На іх думку, гэты перыяд павінен стаць у Наваполацку "пяцігоддзем дзеянняў антыалкагольнай кампаніі". Асноўныя напрамкі плана закрануць увядзенне абмежавальных мер, якія выключаюць ужыванне алкаголю непаўналетнімі, лімітаванне месцаў рэалізацыі і ўжывання алкаголю, стымуляванне антыалкагольнай рэкламы.
Дэлегаты гарадскога сходу таксама вылучылі канкрэтныя прапановы па зніжэнні алкагалізацыі грамадства. Акрамя аўдыёлекцый на "цвярозых маршрутах" яны прапануюць раз на месяц праводзіць "раніцу цвярозасці" з абмежаваннем продажу спіртнога з 8.00 да 11.00, працягнуць практыку Дзён цвярозасці, актывізаваўшы ў гэтыя дні спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця. Нямала прапаноў датычыцца прафілактыкі п'янства ў моладзевым асяроддзі.
Неабходнымі мерамі дэлегаты лічаць абмежаванне ў нафтаградзе рэкламы любых алкагольных напояў, асабліва піва, а таксама скрытую рэкламу іх брэндаў на транспарце, у летніх кафэ, скарачэнне рэалізацыі танных пладова-ягадных він. Народны сход прапануе за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах не толькі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці і выплаты штрафаў, але і вывешваць фота парушальнікаў па месцы жыхарства, у бліжэйшых крамах, па месцы працы і вучобы, тым самым далучаючы грамадскасць да асуджэння асацыяльных паводзін.
Па словах Вячаслава Дурнова, нягледзячы на тое, што план папярэджання і прафілактыкі алкагалізму будзе распрацаваны ў бліжэйшыя дні, некаторыя прапановы дэлегатаў гарадскога сходу ўжо пачынаюць рэалізоўвацца.-0-