«Машына часу» ва ўласным гаражы. Аршанец аднаўляе старыя савецкія аўтамабілі
Паштовыя маркі, памятныя значкі, манеты… А ёсць і тыя, хто збірае аўтамабілі. Прычым не мініяцюрныя копіі, а поўнапамерныя версіі. Галоўнае, каб гэта была рэтра-тэхніка.
Не стамляешся здзіўляцца, наколькі разнабаковыя і захопленыя людзі жывуць побач з намі! Адзін з іх – карэнны аршанец Леанід Кузняцоў. Тэхнік-механік па прафесіі, а цяпер пенсіянер знаходзіць і вяртае да жыцця аўто мінулага стагоддзя. Па словах Леаніда Адамавіча, у кожнай з такіх машын ёсць душа.
Усё, што звязана з тэхнікай, прыцягвала жыхара Оршы з дзяцінства. А вось ажыццявіць сваю мару і цалкам аддацца хобі змог толькі 6 гадоў таму, з выхадам на заслужаны адпачынак.
Любоў да «Волг» пачалася з ГАЗ-21 1961 года выпуску, які калекцыянер знайшоў у Гомелі па аб’яве. Амаль год пайшоў на рэстаўрацыю машыны, і цяпер гэта шэра-белае глянцавае аўто карыстаецца вялікім попытам у сезон вяселляў у маладых.
Наступныя дзве «машыны часу» – таксама «Волгі» пасляваенных гадоў, адрэстаўраваныя рукамі майстра, – калісьці праехалі не адну тысячу кіламетраў па савецкіх дарогах. І адчуваеш сябе ў іх цяпер ужо камфортных салонах неяк па-асабліваму, нібыта да гісторыі дакранаешся.
У аднаўленне легендарных «Перамог» 1949 года выпуску Леанід Адамовіч уклаў усю душу. І гэта таго вартае – жамчужыны яго калекцыі выклікаюць захапленне і ў простых людзей, і ў прафесійных аўтамабілістаў. Чорная храмаваная «Перамога» М-20 і рэтрааўта колераў беларускага сцяга сталі ўпрыгожаннем параду на Дзень Перамогі ў Оршы.
«
Самае цяжкае – гэта пошук запчастак да аўтамабіляў, таму што заводы такога даўно не выпускаюць, і даводзіцца шукаць усюды, дзе толькі можна», – кажа Леанід Кузняцоў. Калекцыянер прызнаецца, што задавальненне гэтае не з танных, затое атрыманы адрэналін падчас працэсу і неймаверная радасць па заканчэнні працы ні з чым не параўнальныя. У найбліжэйшых планах тэхніка-механіка – набыццё і аднаўленне ГАЗ-67 ваенных гадоў. А пакуль у асабістым аўтапарку Леаніда Адамовіча 6 рэтрааўтамабіляў, і кожны з іх – са сваёй унікальнай гісторыяй.Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"