Аўтамабілі полацкіх саматужнікаў спаборнічаюць за званне "народнага трактара"
16 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкія саматугі атрымаюць па заслугах - вынікі першага конкурсу самаробных міні-трактароў будуць падведзены ў Полацкім раёне напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама Дзмітрый Доўгаў.
Традыцыйны урачысты сход і ўшанаванне лепшых аграрыяў раёна ў гэты раз будзе папярэднічаць узнагароджанне майстравітых гаспадароў, якія для ўласных патрэб сваімі рукамі сабралі і выкарыстоўваюць на прысядзібных участках міні-трактары і міні-машыны.
На ўдзел у конкурсе было пададзена больш за 40 заявак. Кампетэнтнае журы азнаёмілася з усёй тэхнікай і для ўдзелу ў конкурсе адабрала 17 самаробных механізмаў. У паўфінал выйшлі пяць. Сярод іх і будуць названы пераможца і прызёры прама на ўрачыстым сходзе. Акрамя таго, мясцовая тэлестудыя пра кожнага паўфіналіста зняла невялікія рэкламныя ролікі, якія будуць дэманстравацца на канале. Па выніках гледацкага галасавання будзе вызначаны "народны трактар".
Як адзначыў Дзмітрый Доўгаў, ідэю гэтага конкурсу падказалі самі майстры. Мясцовыя саматугі са старых аўтамабіляў і запчастак збіраюць такія агрэгаты, якія не толькі дапамагаюць у працы на асабістых падворках, але могуць быць узяты на заметку канструктарамі машынабудаўнічых прадпрыемстваў.-0-