Маштабная бізнес-місія правінцыі Шаньдун на Віцебшчыну вызначыла галоўныя пункты супрацоўніцтва рэгіёнаў
На працягу двух дзён больш за паўсотні прадпрымальнікаў з дружалюбнай правінцыі Шаньдун знаёміліся з рэгіёнам, ацэньвалі прамысловы патэнцыял, спрабавалі на смак мясцовую прадукцыю (як удалося высветліць, асабліва спадабаліся віцебскія пельмені). Пасля чаго ўвезлі дадому масу ўражанняў і прапановы аб супрацоўніцтве.
У складзе дэлегацыі, якую ўзначальваў намеснік генеральнага дырэктара Дэпартамента камерцыі правінцыі Лю Вэнь, акрамя бізнесменаў увайшлі прадстаўнікі органаў кіравання 19 гарадоў, раёнаў і акруг, а таксама каля 20 падраздзяленняў урада Шаньдун (усяго больш за 120 чалавек).
Праграма візіту была складзена такім чынам, што мінімум часу адводзілася для бюракратычных зносін, а максімум – для сустрэч у цэхах і на канвееры.
– Гэта знакавая падзея для арганізацый Віцебшчыны. Нас з правінцыяй Шаньдун раздзяляе 8 тысяч кіламетраў, але візіт сведчыць аб тым, што адлегласць не з'яўляецца перашкодай для пошуку партнёраў і фарміравання ўстойлівага супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых народаў, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў.
ДЭГУСТАЦЫЯ НАПЕРАДЗЕ КАНТРАКТА
Прапановы па супрацоўніцтве падрыхтавалі каля 30 прадпрыемстваў, якія патэнцыйна цікавыя кітайскім партнёрам, у асноўным вытворцы харчовай прадукцыі. У аблвыканкаме была арганізавана выстава-дэгустацыя прадуктаў харчавання, якія гатовыя заваёўваць спажыўцоў правінцыі Шаньдун. Знаёмства з прымяняльнымі тэхналогіямі праходзіла непасрэдна на вытворчасці.
Для віцебскіх кампаній кітайскі рынак – адзін з самых перспектыўных, але адначасова складаных і спецыфічных. Трэба ведаць асаблівасці прасоўвання тавараў на кітайскім рынку, лагістыку, сертыфікацыю, мытнае афармленне, улічваць нюансы работы і з кітайскімі бізнесменамі, і са спажыўцамі Паднябеснай.
Аб гэтых і іншых аспектах вядзення бізнесу ва ўсходнеазіяцкай краіне расказалі госці падчас сумеснай бізнес-сустрэчы, арганізаванай у аблвыканкаме.
Сярод інструментаў, якія трэба будзе актыўней асвойваць віцебскім вытворцам для паспяховай узаемасувязі з кітайскімі партнёрамі, – электронны гандаль.
Адна з кітайскіх гандлёвых пляцовак нават прэзентавала падарункавы пакет для вытворцаў Віцебскай вобласці, які ўключае бясплатную рэгістрацыю і рэкламную падтрымку на працягу года.
ПЕРСПЕКТЫЎНАЯ ПАВЕСТКА
Акрамя ўзаемных паставак прадукцыі, Віцебшчына гатова прапанаваць варыянты інвестыцыйнага супрацоўніцтва з выкарыстаннем геаграфічнага, прамысловага і рэсурснага патэнцыялу паўночнага рэгіёну Беларусі па напрамках, якія цікавяць кітайскі бок.
Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра сумесныя праекты па будаўніцтве малочна-таварных комплексаў агульнай магутнасцю да 40 тыс. галоў, для чаго гатовыя каля 80 тыс. га сельскагаспадарчых земляў. Гэта запатрабуе, у сваю чаргу, развіцця кармавой зоны, узвядзення камбікормавых заводаў, ветпрэпаратаў, арганізацыі вытворчасцей па глыбокай перапрацоўцы малака і мяса.
З улікам патрабаванняў кітайскага рынку малочныя прадукты неабходна будзе выпускаць з працяглымі тэрмінамі захоўвання, з рознымі натуральнымі дадаткамі. Перспектыўнымі напрамкамі таксама з'яўляюцца вытворчасць сухога малака і дзіцячага харчавання, сухой сыроваткі для харчовай, касметычнай, парфумернай прамысловасці.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць разводзіць у прамысловых маштабах каштоўныя пароды рыб у закрытых вадаёмах, а размяшчэнне такіх прадпрыемстваў на Віцебшчыне дае магчымасць наблізіць запатрабаваную прадукцыю да еўрапейскага рынку.
За кошт асваення залежаў торфу і сапрапеляў можна развіваць вытворчасць сучасных відаў сельскагаспадарчых грунтаў з мікраэлементамі, якія карыстаюцца попытам у краінах ЕС і паспяхова прасоўваюцца на афрыканскі кантынент і Блізкі Усход.
– Кітайскія кампаніі пастаянна цікавяцца вырабамі з дрэва, мы гатовыя да дыялогу па стварэнні супольных вытворчасцей, арыентаваных на выпуск высокакаштоўнай гатовай прадукцыі, тым больш што каля 40% тэрыторыі вобласці займаюць лясы, разліковая лесасека ацэньваецца ў 1,5 млн куб. м, – паведаміў старшыня аблвыканкама.
Добрыя перспектывы для супрацоўніцтва адкрывае выкарыстанне геаграфічных пераваг. Яны дазваляюць кітайскаму і беларускаму рэгіёнам стаць паўнапраўнымі звянамі транснацыянальнага праекта Новага шаўковага шляху, які сёння актыўна прасоўвае Паднябесная.
Акрамя таго, патэнцыйна цікавай тэматыкай супрацоўніцтва застаюцца адукацыйныя праекты, развіццё індустрый адпачынку і аздараўлення. Разам з тым, як падкрэсліў Мікалай Шарснёў, віцебскія партнёры адкрыты для абмеркавання любых тэм і разлічваюць, што дасягнутыя падчас бізнес-місіі дамоўленасці закладуць аснову для развіцця кантактаў на найбліжэйшую перспектыву.
СЯРГЕЙ АНТОНАЎ, фота Дзмітрыя ВОСІПАВА, "Віцебскія весці".