Маштабная рэканструкцыя будзе праведзена ў Віцебску
30 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маштабная рэканструкцыя будзе праведзена ў Віцебску. Пра гэта заявіў сёння на нарадзе рабочага штаба па добраўпарадкаванні абласнога цэнтра старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вялікі аб'ём работ трэба выканаць па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні галоўных гарадскіх магістраляў, паркаў і сквераў, рамонце жылога фонду і двароў, аб'ектаў культуры, светлавым афармленні Віцебска, а таксама аб'ектаў, якія не належаць гораду.
Значныя змены закрануць гістарычны цэнтр горада. Так, вуліца Суворава стане своеасаблівым віцебскім Арбатам з шматлікімі сувенірнымі лаўкамі, утульнымі кафэ і барамі, рознымі аб'ектамі гандлю і паслуг, галерэямі. Для размяшчэння ўсіх гэтых аб'ектаў плануецца выкупіць частку плошчаў у насельніцтва, якое пражывае на першых паверхах жылых дамоў па гэтай вуліцы. Людзям мясцовыя ўлады гатовыя прапанаваць раўназначны абмен. Перасяленне чакае і цэлы шэраг дзяржаўных кантор. Напрыклад, для КДБ ужо будуецца новы будынак. У былым Доме губернатара будзе створаны музей Віцебскай вобласці. На месцы любімага гараджанамі заапарка, які ў бліжэйшы час пераедзе на больш свабодныя плошчы ў Парк імя Савецкай Арміі, будзе адроджаны Губернатарскі парк.
Уздоўж Заходняй Дзвіны на ўсім працягу гістарычнай часткі Віцебска з'явіцца пешаходны турыстычны маршрут. Своеасаблівым яго падвойным стане водны маршрут па гэтай рацэ, які ахопіць тэрыторыю ад мемарыяла воінам-вызваліцелям на плошчы Перамогі да Парка імя Савецкай Арміі. Для арганізацыі водных прагулак плануецца закупіць два цеплаходы.
Ужо змяніў прапіску і цэнтр Віцебска. Цяпер ён афіцыйна замацаваны за плошчай Перамогі, дзе пасля рэканструкцыі будуць праводзіцца ўсе культурна-масавыя мерапрыемствы, а на плошчы Свабоды плануецца аднавіць Свята-Мікалаеўскі храм, які раней існаваў на гэтым месцы. З яго адраджэннем гістарычны цэнтр Віцебска стане цэласным і прыгожым, упэўнены Аляксандр Косінец.
"Каб навесці ў Віцебску парадак, трэба выканаць вялікі аб'ём работ. Па папярэдніх падліках, на гэтыя мэты неабходна звыш Br801 млрд. Канчатковая сума стане вядомая пасля вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі. Таму да ўдзелу ў добраўпарадкаванні горада будуць прыцягнуты ўсе размешчаныя тут суб'екты гаспадарання незалежна ад форм уласнасці", - падкрэсліў кіраўнік аблвыканкама.-0-