Маштабную мадэрнізацыю вытворчасьці даламітавай мукі плянуецца правесьці на ААТ "Даламіт"

13 мая, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. На ААТ "Даламіт" плануецца правесці маштабную мадэрнізацыю вытворчасці даламітавай мукі, паведаміў сёння начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Краўчанка на сімпозіуме "Тэхналогіі. Абсталяванне. Якасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Краўчанка распавёў, што ў цяперашні час на прадпрыемстве выкарыстоўваецца састарэлая тэхналогія, якая мае высокія ўдзельны расход энерганосьбітаў і металаёмістасць, малую адзінкавую магутнасць абсталявання. Удзельны расход энергіі ў 2 разы перавышае сучасны ўзровень - гадавое спажыванне энергіі складае каля 120 млн. кВт.г. У цяперашні час вядзецца абгрунтаванне інвестыцый, мяркуецца, што на мадэрнізацыю спатрэбіцца каля $36 млн. Тэрмін акупнасці складзе 4,5-5 гадоў. Мяркуецца замяніць дзеючае абсталяванне на так званыя вертыкальныя млыны, прызначаныя для асноўнага памолу даламітавага шчэбню ў муку. Гэта дазволіць фактычна ўдвая знізіць энергаспажыванне і адначасова выпрацоўваць уласную электраэнергію на кагенерацыйнай устаноўцы. Аляксандр Краўчанка нагадаў, што ў Беларусі значная колькасць глеб характарызуецца павышаным узроўнем кіслотнасці. Таму для павышэння ўраджайнасці і забеспячэння харчовай бяспекі краіны неабходна сістэматычна ўносіць у глебу дастаткова вялікую колькасць мінеральных угнаенняў, якія нармалізуюць яе кіслотнасць. Найважнейшая задача ААТ "Даламіт" - забяспечваць аграпрамысловы комплекс матэрыяламі для аздаблення кіслых глеб. Прадпрыемства ўтворана ў 1931 годзе і спецыялізуецца на вытворчасці даламітавай мукі, якая ў структуры таварнай прадукцыі прадпрыемства займае каля 70%. Таксама вырабляецца вапняковая мука, даламітавы напаўняльнік, мінеральны парашок і шчэбень усіх фракцый. Сыравіннай базай для прадпрыемства з'яўляюцца радовішчы даламітаў паблізу Віцебска з разведанымі запасамі ў 739 млн.т.