Маштабныя мерапрыемствы пройдуць у Полацку да 1020-годдзя Полацкай епархіі

30 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маштабныя мерапрыемствы пройдуць у Полацку да 1020-годдзя Полацкай епархіі, паведамілі БЕЛТА ў епархіі. Абшырную праграму юбілейных урачыстасцей, прысвечаных памятнай даце, па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія адкрые 6 лістапада ў 9.30 святочнае богаслужэнне ў Кафедральным саборы Богаяўлення Полацка. На Боскай літургіі для сумеснай малітвы збярэцца ўсё духавенства Полацкай епархіі. З 10 па 18 лістапада ля Палаца культуры ААТ "Полацк-Шкловалакно" пройдзе праваслаўная духоўна-асветніцкая выстаўка-кірмаш "Радасць Слова". Полацкам і гасцям старажытнага горада ў выставачным павільёне будзе прадстаўлены шырокі выбар духоўна-маральнай, адукацыйнай і дзіцячай літаратуры, аўдыё- і відэапрадукцыі, абразоў і царкоўнага начыння. Важнай падзеяй для духавенства і вернікаў стане адкрыццё 14 лістапада ў Полацку двухдзённых XII Рэспубліканскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх чытанняў, прысвечаных Слову. У гэты ж дзень полацкаў і гасцей горада чакае выступленне ў Сафійскім саборы лаўрэата міжнародных конкурсаў мужчынскага вакальнага ансамбля "Благавест" (Мінск). Урачысты вечар, прысвечаны 1020-годдзю Полацкай епархіі, адбудзецца ў Палацы культуры ААТ "Полацк-Шкловалакно" 16 лістапада. Яго канцэртная праграма будзе прадстаўлена лепшымі творчымі калектывамі Полацка, Наваполацка, Браслава, Верхнядзвінска, Глыбокага, Докшыц, Мёраў, Пастаў, Росанаў, Ушач і Шаркаўшчыны. Завершацца юбілейныя ўрачыстасці Полацкай епархіі 18 лістапада Падзячным малебнам і закрыццём выстаўкі-кірмашу "Радасць Слова". Полацкая епархія вядзе сваё летазлічэнне ад 992 года, калі тут, на полацкай зямлі, усяго праз чатыры гады пасля Хрышчэння Русі, была заснавана першая епіскапская кафедра, а праз некалькі дзесяцігоддзяў, падчас праўлення князя Усяслава Брачыславіча, на высокім пагорку Полацкага дзяцінца быў узведзены велічны сабор Святой Сафіі "з сямі вярхамі" - сімвал духоўнай моцы і палітычнай незалежнасці маладога княства.-0-