Маштабныя мерапрыемствы ў гонар 80-годдзя ВДВ пройдуць у Віцебску і Брэсце
29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабныя святочныя мерапрыемствы ў гонар 80-годдзя Паветрана-дэсантных войскаў пройдуць у Віцебску і Брэсце 1 і 2 жніўня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.
Па традыцыі ў Беларусі, а таксама іншых былых савецкіх рэспубліках 2 жніўня адзначаецца Дзень дэсантніка. У 2010 годзе на гэты дзень прыпадае яшчэ і 80-годдзе Паветрана-дэсантных войскаў, якія цяпер у Беларусі называюцца сіламі спецаперацый.
Асабліва маштабныя ўрачыстасці пройдуць у Віцебску і Брэсце. Акрамя таго, святочныя мерапрыемствы адбудуцца ў Мар'інай Горцы, Наваполацку, пасёлку Баровуха (Віцебская вобласць). На свята будуць запрошаны ветэраны-дэсантнікі, вайскоўцы Узброеных Сіл Беларусі, члены іх сем'яў, а таксама мясцовыя жыхары і замежныя госці.
У праграму ўключаны дні адкрытых дзвярэй у часцях сіл спецаперацый. Госці злучэнняў убачаць паказальныя выступленні дэсантнікаў (рукапашны бой, спартыўныя спаборніцтвы, плац-канцэрт), а таксама змогуць азнаёміцца з тэхнікай і ўзбраеннем. Мерапрыемствы пройдуць і па-за межамі воінскіх часцей.
Святкаванне Дня дэсантніка ў Віцебску сёлета атрымае агульнагарадскі статус. У Летнім амфітэатры - на галоўнай пляцоўцы "Славянскага базару ў Віцебску" - 1 жніўня пройдзе ўрачысты сход з удзелам ветэранаў, вайскоўцаў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, членаў іх сем'яў і жыхароў горада. Перад пачаткам урачыстасцей на пляцоўку каля амфітэатра прыземляцца на парашутах спартсмены ДТСААФ.
У Брэсце вайскоўцы 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады 2 жніўня пройдуць маршам па вуліцах горада. Брэстаўчане ўбачаць выступленні спартсменаў-парашутыстаў, фарсіраванне воднай перашкоды, святочны канцэрт і многае іншае.-0-