Маштабныя праверкі аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей пачынаюцца ў Віцебскай вобласці
10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Маштабныя праверкі аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей, аб'ектаў грамадскага харчавання на працягу тыдня пройдуць у Віцебскай вобласці. Адпаведнае даручэнне было дадзена кіраўнікам сілавых структур і МНС вобласці старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Парушэнні ў сферы, дзе можа быць закранута бяспека людзей, недапушчальныя", - падкрэсліў Аляксандр Косінец і запатрабаваў прынцыповага падыходу да парушальнікаў. Без увагі інспектараў не застануцца і дваровыя тэрыторыі, дзе напярэдадні навагодніх святаў гучаць кананады петард. Органам пракуратуры даручана даваць прававую ацэнку дзеянням службовых асоб, якія парушылі правілы пажарнай бяспекі.
У Віцебскай вобласці, па дадзеных МНС, у бягучым годзе адбыліся 1408 пажараў, што на 14% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На пажарах загінулі 162 чалавекі. Нягледзячы на тое, што колькасць загінулых на пажарах у цэлым скарацілася на 5,8%, колькасць дзяцей, якія загінулі ў агні, узрасла і склала 11 чалавек. Агульныя матэрыяльныя страты ад пажараў перавысілі Br10 млрд.-0-