Маштабныя вучэнні па ліквідацыі надзвычайных сітуацый пройдуць сёння ў Воршы

Сёння ў Воршы правядуць маштабныя дэманстрацыйныя тактыка-спецыяльныя вучэнні па ліквідацыі розных надзвычайных сітуацый. Мерапрыемствы пройдуць падчас вучэбна-метадычнага збору кіруючага складу Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, паведамілі ў абласным упраўленні МНС.

Удзельнікам вучэнняў трэба будзе правесці аварыйна-выратавальныя работы пры абрушэнні будынкаў, на аб'ектах жыццезабеспячэння ва ўмовах восеньска-зімовага перыяду і многае іншае. Для ліквідацыі надзвычайных сітуацый і выратавання людзей будуць прыцягнуты аварыйна-выратавальныя службы, прадпрыемствы і арганізацыі Аршанскага раёна. Падчас збору арганізуюць паказальныя пляцоўкі розных службаў з дэманстрацыяй спецтэхнікі.

Мэта вучэнняў - падрыхтоўка раённага звяна Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый да рэагавання на ўзнікаючыя НС восенню і зімой, удасканаленне навыкаў па арганізацыі кіравання сіламі пры ліквідацыі аварыйных сітуацый тэхнагеннага і прыроднага характару.

БЕЛТА.