Масавая ўборка збожжавых у Віцебскай вобласці пачнецца на 10 дзён раней за леташнюю
19 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Масавая ўборка збожжавых і зерневых бабовых культур у Віцебскай вобласці пачнецца з 20 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Сухое і гарачае надвор'е спрыяла таму, што ўборачная кампанія ў вобласці стартуе на 10 дзён раней у параўнанні з 2009 годам. Сёння практычна ўсе раёны ўключыліся ва ўборачную страду. Паводле даных на 19 ліпеня, у вобласці скасілі збожжавыя і зерневыя бабовыя на плошчы каля 11,4 тыс. га, што складае 2,5% ад агульнай уборачнай плошчы. Намалочана 34,1 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 30,3 ц/га. У Аршанскім, Бешанковіцкім, Чашніцкім і Докшыцкім раёнах плошча скошаных збожжавых набліжаецца да 5%. Пакуль найбольшая ўраджайнасць (40 ц/га) атрымана ў гаспадарках Аршанскага раёна, яшчэ ў васьмі раёнах ураджайнасць перавысіла 30 ц/га. З пачаткам масавай уборкі ў полі будзе працаваць каля 2 тыс. камбайнаў.
Усе раёны вобласці прыступілі да работы на ільняным полі, агульная плошча якога сёлета складае 18,7 тыс. га. Усяго лён выцерабілі на плошчы амаль 1,3 тыс. га, або 7% ад агульнай плошчы пасеваў лёну.
Гаспадаркі Дубровенскага раёна першымі ў вобласці завяршылі ўборку азімага рапсу, намалоціўшы амаль 6,5 тыс. т пры ўраджайнасці 16 ц/га. Блізкія да завяршэння гэтых работ Гарадоцкі, Аршанскі і Талачынскі раёны, дзе ўбрана больш за 90% плошчаў, адведзеных пад азімую культуру. Усяго па вобласці азімы рапс убраны на плошчы амаль 35,5 тыс. га (каля 80% ад агульнай плошчы), намалочана больш за 42,7 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 12 ц/га.
У вобласці працягваецца нарыхтоўка кармоў другім укосам траў. Паводле даных на 19 ліпеня, усяго нарыхтавана каля 707 тыс. т кармавых адзінак, забяспечанасць кармамі ў разліку на ўмоўную галаву складае 15,3 ц кармавых адзінак.