Масавая закладка бульбы і агародніны ў Віцебскай вобласці пачнецца з сярэдзіны верасня
31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Масавая закладка агародніны ў Віцебскай вобласці пачнецца з сярэдзіны верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Усяго сёлета ўвосень гаспадаркам рэгіёна для забеспячэння патрэб насельніцтва пладаагародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд трэба будзе закласці ў стабілізацыйныя фонды 5,6 тыс. т капусты (113% да факту мінулага года), 1,4 тыс. т буракоў (102%), 2,1 тыс. т цыбулі (136,4%), 1,4 тыс. т яблыкаў і груш (267,7%), а таксама 10,5 тыс. т бульбы (119%).
Захоўвацца сабраны ўраджай будзе ў агароднінасховішчах і фруктасховішчах, якія знаходзяцца ў веданні гандлёвых прадпрыемстваў, арганізацый спажывецкай кааперацыі і сельскагаспадарчых арганізацый. Тэхнічны агляд гэтых аб'ектаў ужо завяршаецца.
У цяперашні час гаспадаркі вобласці прыступілі да ўборкі бульбы, адзначылі ў аблсельгасхарчпрадзе. Убраны першыя 200 га ў Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Аршанскім, Полацкім, Пастаўскім, Шумілінскім і Талачынскім раёнах. Накапана каля 5,2 тыс. т з сярэдняй ураджайнасцю звыш 250 ц/га. Пры гэтым традыцыйна добры ўраджай чакаецца ў гаспадарцы Талачынскага кансервавага завода, дзе ўжо сабрана 3,3 тыс. т бульбы з сярэдняй ураджайнасцю звыш 371 ц/га. Усяго аграрыям трэба будзе ўбраць 5,6 тыс. га плошчаў гэтай культуры.-0-