Масавую сяўбу яравых збожжавых культур у Беларусі завершана ў аптымальныя тэрміны
25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі, як і планавалася, да 25 красавіка завершаны масавы сяўбу яравых збожжавых і зерневых бабовых культур (без кукурузы), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Па словах спецыялістаў, яна праведзена ў аптымальныя агранамічныя тэрміны. Збожжавыя культуры размешчаны на 1 млн. 15,5 тыс.га, што складае 100,2% да плана. На аналагічную дату мінулага года было пасеяна 85%. У Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях пасеяна адпаведна на 9%, 2,6%, 1,1% больш, чым планавалася. Завяршаецца сяўба ў Мінскай вобласці - тут засталося 1,3% - гэта ў асноўным зерневыя бабовыя культуры. У Віцебскай вобласці неабходна пасеяць яшчэ 8%. Штодзённыя тэмпы сяўбы збожжавых складаюць каля 5%, таму на працягу бліжэйшых двух дзён справяцца з сяўбой і тут. Для гэтага работа энергонасычанай тэхнікі арганізавана ў дзве змены.
У цэлым па Беларусі яравыя культуры займаюць 1 млн. 394 тыс.га, што складае 60,2% да плана. Самыя высокія тэмпы сяўбы ў Гродзенскай вобласці, дзе яравыя культуры пасеяны на 67% запланаванай плошчы. У Гомельскай вобласці засеяна каля 61%, у Мінскай - 61,6%, у Брэсцкай - 60,4%, у Магілёўскай - 55,8%, у Віцебскай - 54,8%. Перад гаспадаркамі пастаўлена задача - да 28 красавіка завяршыць сяўбу яравых культур, за выключэннем цеплалюбівых, якімі з'яўляюцца кукуруза, грэчка, соя і сланечнік.
Завяршаецца сяўба яравога ячменю - ён займае 518,5 тыс.га, або 98,6%. З яго сяўбой справіліся гаспадаркі Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей.
Пасевы піваварнага ячменю размешчаны на 85,7 тыс.га, у тым ліку ў сыравінных зонах на 84,9 тыс.га, што складае 101,5% да плана. Сельгасарганізацыі Гомельскай вобласці павялічылі плошчу пад піваварным ячменем на адну чвэрць. Узраслі таксама пасяўныя плошчы пад гэтай культурай у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.
Працягваецца сяўба яравога рапсу - яго пасеяна пакуль яшчэ толькі 5%, а ў цэлым яго пасевы ў гэтым годзе зоймуць 27 тыс.га, з улікам азімага - больш за 400 тыс.га, што дазволіць у поўным аб'ёме забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ў насенні рапсу для харчовай прамысловасці і накіраваць частку на вытворчасць камбікармоў.
Цукровы бурак пасеяны на 72,2 тыс.га, што складае 78,2% да плана. Першымі яго сяўбу завяршаюць сельгасарганізацыі Гродзенскай вобласці, дзе ён ужо займае 90% запланаванай плошчы. Вядзецца сяўба кукурузы, агароднінных культур і пасадка бульбы. Па разліках спецыялістаў Мінсельгасхарча, сяўба цукровага бурака будзе завершана да 7 мая, прыкладна да гэтага ж тэрміну павінны скончыць пасадку бульбы і агароднінных культур. Работы неабходна паскорыць, бо стаіць сухое надвор'е і глеба інтэнсіўна губляе вільгаць.
Вядзецца другая падкормка азімых збожжавых - гэтая работа праведзена на 253 тыс.га, што складае 19,5% да плана. Завершана падкормка азімага рапсу.-0-