Масавая сяўба азімых збожжавых пачалася ў Беларусі

2 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі пачалі масавую сяўбу азімых збожжавых, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення раслінаводства, кармавытворчасці і насенняводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рыгор Раманюк. Паводле даных на раніцу 2 верасня, азімыя збожжавыя пасеяны на 118,7 тыс.га, што складае 8,4% да плана. На аналагічную дату мінулага года было засеяна 91 тыс.га, або 6,4% да задання. У цэлым сёлета азімыя збожжавыя зоймуць 1 млн. 410,7 тыс.га сельгастэрыторый. Пры гэтым структура азімага кліну па рэгіёнах практычна не зменіцца ў параўнанні з мінулым годам. Па тэмпах сяўбы наперадзе сельгасарганізацыі Віцебскай вобласці, дзе азімымі збожжавымі ўжо занята 21,4% плошчаў, адведзеных пад гэтыя культуры. Другое месца за Магілёўскай вобласцю - тут пасеяна 11,4% да плана. На трэцім месцы Гомельская вобласць, дзе выканалі 8,3% задання. У Брэсцкай вобласці пасеяна 6% да запланаванага, Мінскай - 4,5%, Гродзенскай - 3%. Рыгор Раманюк распавёў, што сяўба азімых збожжавых у цэлым па краіне пачалася ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Гаспадаркі забяспечаны неабходнай колькасцю насення, палівам і сучаснымі камбінаванымі глебаапрацоўчымі і пасяўнымі агрэгатамі, якія дазваляюць правесці сяўбу азімых своечасова і якасна. Плануецца, што сяўбу азімай пшаніцы большасць сельгасарганізацый краіны завершаць да 15 верасня, азімай жыта і трыцікале - да 20 верасня. Тэмпы сяўбы залежаць ад падрыхтоўкі глебы і ўнясення мінеральных угнаенняў. У цяперашні час пад сяўбу азімых падрыхтавана 639 тыс.га, што складае 45,3% да плана. Лідыруюць гаспадаркі Магілёўскай і Віцебскай абласцей, дзе падрыхтавана 63% і 55% плошчаў адпаведна. Спецыяліст таксама звярнуў увагу на важнасць дакладнага выканання патрабаванняў агратэхнікі пры падрыхтоўцы глебы і сяўбе азімых. Практыка перадавых гаспадарак сведчыць аб тым, што дакладнае выкананне комплексу агратэхнічных прыёмаў вырошчвання азімых культур забяспечвае паспяховую іх перазімоўку і атрыманне высокага ўраджаю.-0-