Майстры камернай музыкі з пяці краін возьмуць удзел у XXII Міжнародным фестывалі ў Полацку
23 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Музыканты і выканаўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Японіі і Францыі стануць удзельнікамі XXII Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку, які пройдзе з 29 сакавіка па 26 красавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла музычны рэдактар канцэртнай залы Сафійскага сабора Алена Мартынава.
Арганізатары традыцыйнага фестывалю падрыхтавалі прыхільнікам камернай музыкі восем насычаных канцэртных вечароў. Упершыню на полацкім фестывалі выступіць незвычайны інструментальны дуэт "Раманеска". Французская мандаліністка Сабіна Марзе і японская гітарыстка Ако Іто пазнаёмяць беларускіх слухачоў са старадаўняй і сучаснай танцавальнай музыкай розных краін. У канцэрце таксама возьмуць удзел лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мікалай Марэцкі і Наталля Корсак.
А адкрые фестывальную праграму 29 сакавіка лаўрэат пяці міжнародных конкурсаў мінская музычная капэла "Сонорус" з канцэртам "Казкі Венскага лесу", складзеным з лепшых твораў Іагана Штрауса.
Спецыяльна на фестываль у Полацк прыедзе вядомы музыказнавец, народны артыст Расіі Святаслаў Бэлза. Ён выступіць у звыклым для сябе амплуа вядучага канцэрта, на гэты раз - мужчынскага вакальнага трыа "Рэлікт". Знакамітыя расійскія выканаўцы прывязуць на фестываль праграму "Раманс на ўсе часы" з найбольш яркіх і папулярных твораў розных гадоў.
Для аматараў харавога мастацтва арганізатары падрыхтавалі выступ аднаго са старэйшых айчынных калектываў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Г.Шырмы з праграмай духоўнай і свецкай харавой музыкі розных часоў. Сімфанічны аркестр і Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі выканаюць араторыю "Месія" Г.Гендэля, за дырыжорскім пультам будзе вядомы польскі дырыжор Чэслаў Грабоўскі.
Творчы саюз вядомай полацкай арганісткі Ксеніі Пагарэлай і камернага аркестра пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава парадуе сваіх прыхільнікаў новай праграмай "Майстры старадаўняй музыкі", прысвечанай юбілейным датам вялікіх кампазітараў, у тым ліку Г.Гендэля, Ф.Мендэльсона, М.Карэта. Па традыцыі адзін з канцэртаў фестывалю пазнаёміць слухачоў з творчасцю вучняў Полацкай дзіцячай школы мастацтваў. У гэтым годзе прадстаўленне прысвечана 90-годдзю школы, а на сцэну канцэртнай залы Сафійскага сабора выйдуць не толькі сённяшнія юныя таленты, але і выпускнікі мінулых гадоў.
Завершыцца XXII Міжнародны фестываль 26 красавіка канцэртам польскага арганіста Дарыюша Гайдукевіча.-0-