Матч Лігі Еўропы паміж «Нафтанам» і бельгійскім «Гентам» пройдзе пад заслону «Славянскага базару».
16 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Гарачая падтрымка віцебскіх заўзятараў будзе суправаджаць дэбют футбольнага клуба "Нафтан" у еўракубку. Сёння ў абласным цэнтры чакаецца аншлаг на матчы другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы паміж наваполацкай камандай і бельгійскім "Гентам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Амаль усе квіткі на гульню прададзены, на раніцу засталіся толькі лічаныя месцы ў крайніх сектарах Цэнтральнага спартыўнага комплексу. Аднак з набліжэннем пачатку матча ажыятаж расце, адзначылі ў адміністрацыі комплексу. Унушальны дэсант заўзятараў на чале з кіраўнікамі горада і ААТ "Нафтан" чакаецца з Наваполацка, якія арганізавана прыбудуць на 12 аўтобусах. Паводле інфармацыі беларускага клуба, не менш за 2 тыс. навапалачан прыедуць сёння ў сталіцу "Славянскага базару". Пасля заканчэння матча госці змогуць паўдзельнічаць у мерапрыемствах закрыцця міжнароднага форуму мастацтваў.
Як паведаміў прэс-аташэ ФК "Нафтан" Руслан Крыўцоў, на гульню акрэдытавана каля 50 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку два журналісты з Бельгіі. Афіцыйных заявак на браніраванне месцаў для бельгійскіх заўзятараў не паступала, чакаецца, што іх колькасць не перавысіць 100 чалавек, дадаў прэс-аташэ. Разам з тым, да групоўкі наваполацкага фан-клуба маюць намер далучыцца фаны ФК "Віцебск", якія на матчах унутранага першынства не адрозніваюцца сяброўскімі адносінамі.
Праваахоўныя органы будуць забяспечваць парадак на матчы ў звычайным для такога роду мерапрыемстваў рэжыме, паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Скарынавіч.
Матч пачнецца ў 18.00 на полі Цэнтральнага спартыўнага комплексу. Паводле даных "Віцебскаблгідрамета", ападкаў у Віцебску не чакаецца, тэмпература паветра складзе плюс 27-29 градусаў.-0-