Матчамі ў Віцебску і Гомелі завершыцца першы тур чэмпіянату Беларусі па футболе
25 сакавіка, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Сёння двума матчамі завершыцца гульнявая праграма 1-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Віцебску наваполацкі "Нафтан" у 15.00 прыме сярэбранага прызёра мінулага першынства краіны салігорскі "Шахцёр".
Дзвюмя гадзінамі пазней пачнецца цэнтральны паядынак стартавага тура, у якім уладальнікі бронзы футбалісты "Гомеля" згуляюць з гасцямі з мінскага "Дынама". Гаспадары поля выйдуць на гэту гульню ў выдатным настроі – зусім нядаўна яны выйгралі Суперкубак, узяўшы верх над БАТЭ (2:0). Прычым абодва мячы на рахунку Вячаслава Глеба, які яшчэ ў мінулым годзе абараняў колеры сталічных дынамаўцаў. У складзе мінчан, якіх узначаліў новы настаўнік Аляксандр Седнёў, могуць выйсці экс-гамяльчане Ігар Стасевіч, Максім Лісавы і Аляксандр Данілаў. Прамая трансляцыя гэтай гульні пачнецца на тэлеканале СТБ у 17.00.
Напярэдадні барысаўскі БАТЭ пацярпеў другое паражэнне запар у новым сезоне. Ад падапечных Віктара Ганчарэнкі пасля няўдачы ў Суперкубку прайгралі і стартавы паядынак нацыянальнага чэмпіянату ў гасцях у "Мінска" 0:1 (Разін, 76). Мінчан у гэтым сезоне трэніруе Вадзім Скрыпчанка, які раней працаваў у трэнерскім штабе БАТЭ.
Бабруйская "Белшына" ў Жлобіне выйграла ў футбалістаў "Брэста" – 3:1 (Блізнюк, 6, 90+2, Скавыш, 69; Матюхевіч, 4). Генадзь Блізнюк, які аформіў дубль, забіў ужо 100 мячоў у матчах чэмпіянатаў Беларусі. Акрамя таго, у гэтай гульні быў забіты першы мяч 22-га чэмпіянату Беларусі, аўтарам якога стаў берасцеец Аляксандр Матюхевіч.
У Хойніках гродзенскі "Нёман" абыграў мазырскую "Славію" з тым жа лікам 3:1 (Савіцкі, 12, Крывабок, 16, 68; Волкаў, 65). -0-